У Беларусі жыве 800 вэтэранаў вайны, у тым ліку 427 удзельнікаў і інвалідаў вайны, а таксама 6,3 тыс. асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, зь якіх 5,6 тыс. былыя вязьні нацысцкіх лягераў.
«Сярэдні ўзрост удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны (так улады называюць частку ІІ усясьветнай, што праходзіла на тэрыторыі СССР — заўв. Свабоды) складае 99 гадоў. Сярод іх мужчын 55%, жанчын 45%. Найбольшая колькасьць вэтэранаў жыве ў Менску і Менскай вобласьці. Самым „маладым“ удзельнікам, партызанам і падпольшчыкам у сярэднім 90-91 год», — сказаў Мікалай Арол, якога цытуе БелТА.
Найстарэйшаму ўдзельніку вайны ў студзені споўнілася 105 гадоў. Ён мае два баявыя ордэны і ордэн за працоўныя заслугі.
Штогод вэтэранам і іншым датычным да сьвяткаваньня Дня Перамогі прадастаўляецца матэрыяльная дапамога.
«Сёлета выплаты пачаліся 2 траўня і працягнуцца да 8 траўня. Памеры дапамогі складаюць Br5 тыс. для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, Br2,5 тыс. для іншых катэгорый вэтэранаў і Br1,5 тыс. для асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны», — паведаміў Арол.
Намесьнік начальніка дадаў, што па стане на 5 траўня матэрыяльную дапамогу ўжо атрымалі 97% вэтэранаў і пацярпелых грамадзян.
«Засталося ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, якія атрымаюць выплаты найбліжэйшымі днямі», — сказаў на заканчэньне Мікалай Арол.
Форум