Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль авіяўдарамі спыніў працу аэрапорту ў Емэне, які кантралявалі хусіты


Пасьля ізраідльскага ўдару па емэнскім аэрапорце
Пасьля ізраідльскага ўдару па емэнскім аэрапорце

Паводле слоў емэнскага чыноўніка, ізраільскія ўдары ў аўторак «цалкам зьнішчылі» аэрапорт Саны.

Акрамя авіяўдараў па аэрапорце, ізраільцяне таксама атакавалі электрастанцыі і цэмэнтавы завод.

«Тры самалёты зь сямі, якія належаць авіякампаніі Yemenia Airlines, былі зьнішчаны ў аэрапорце Саны, а міжнародны аэрапорт Саны быў цалкам разбураны», — сказаў у камэнтары агенцтву AFP мясцовы чыноўнік.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што «зьнішчальнікі нанесьлі ўдары і зьнішчылі інфраструктуру тэрарыстаў-хусітаў у галоўным аэрапорце Саны, цалкам вывеўшы аэрапорт з ладу».

«Узьлётна-пасадачныя палосы, самалёты і інфраструктура ў аэрапорце пашкоджаныя», — гаворыцца ў заяве Ізраіля.

У выніку ўдараў Ізраілю, зробленых у адказ на ракетны запуск ад хусітаў, якія ўдарылі па тэль-авіўскім аэрапорце Бэн-Гурыён у нядзелю, у панядзелак загінулі чатыры чалавекі.

У аўторак зь лётнішча былі заўважаныя космы густога чорнага дыму. Жыхары паведамілі пра адключэньне электраэнэргіі ў Сане і Хадэйдзе пасьля таго, як ізраільцяне нанесьлі ўдары па трох электрастанцыях у сталіцы і ваколіцах.

Адзін чалавек загінуў у аэрапорце, а двое — на электрастанцыі ў Сане, паведаміла інфармацыйнае агенцтва хусітаў «Саба» з спасылкай на Міністэрства аховы здароўя. Яшчэ 35 чалавек атрымалі раненьні, паведаміла «Саба».

Праз ранейшы хусіцкі ўдар па ізраільскім аэрапорце мноства міжнародных авіякампаній скасавалі або адклалі палёты ў Ізраіль і з Ізраілю дзеля бясьпекі пасажыраў. Цяпер тысячы людзей ня могуць пакінуць Ізраіль або вярнуцца туды.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вайскоўцы ягонай краіны спыняць бамбаваньні хусітаў у Емэне пасьля таго, як групоўка, зьвязаная з Іранам, пагадзілася спыніць перарываньне важных суднаходных шляхоў на Блізкім Усходзе. На сустрэчы ў Авальным кабінэце з прэм’ер-міністрам Канады Маркам Карні Трамп абвясьціў, што хусіты заявілі, нібы больш не жадаюць ваяваць. Але пры гэтым не ўдакладніў пасланьня.

Неадкладнай рэакцыі хусітаў на гэтыя заявы не было.

Хусіты абстрэльваюць Ізраіль і суднаходзтва ў Чырвоным моры з таго часу, як Ізраіль пачаў ваенны наступ супраць ХАМАС у Газе. Ізраіль, у сваю чаргу, пачаў згаданую наземную апэрацыю пасьля крывавага нападу палестынскіх баевікоў на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG