Як паказала новае дасьледаваньне, сынтэтычныя хімічныя рэчывы пад назвай фталаты, якія ўтрымліваюцца ў спажывецкіх таварах, такіх як кантэйнэры для захоўваньня прадуктаў, шампуні, касмэтыка, парфума і дзіцячыя цацкі, маглі стаць прычынай больш за 10% усіх выпадкаў сьмяротнасьці ад сардэчна-судзінных захворваньняў у сьвеце ў 2018 годзе сярод мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 55 да 64 гадоў, піша CNN.
Фталаты садзейнічаюць сыстэмнаму запаленьню ў каранарных артэрыях, што можа абвастрыць існае захворваньне і прывесьці да цяжкіх наступстваў, уключаючы сьмерць, кажа старшы аўтар дасьледаваньня доктар Леанарда Трасандэ, прафэсар пэдыятрыі і здароўя насельніцтва ў Мэдыцынскай школе Гросмана Нью-Ёркскага ўнівэрсытэта. Паводле яго, таксама фталяты разбураюць тэстастэрон, а ў мужчын «нізкі тэстастэрон зьяўляецца прэдыктарам (прагнастэчным парамэтрам — рэд.) сардэчна-судзінных захворваньняў у сталым узросьце».
У больш раньніх дасьледаваньнях фталаты зьвязвалі з рэпрадуктыўнымі праблемамі, такімі як заганы разьвіцьця палавых органаў у хлопчыкаў, а таксама зьніжэньне колькасьці спэрматазоідаў і ўзроўню тэстастэрону ў дарослых мужчын. Дасьледаваньні таксама зьвязваюць фталаты з астмай, атлусьценьнем у дзяцей і ракам.
Фталаты, якія часта завуць «паўсюднымі хімікатамі», дадаюць у многія спажывецкія тавары — напрыклад, у водаправодныя трубы з ПВХ, вінілавыя падлогавыя пакрыцьці, вырабы, устойлівыя да дажджу і плямаў, мэдыцынскія трубкі, садовыя шлянгі і некаторыя дзіцячыя цацкі, каб зрабіць плястык больш гнуткім і больш устойлівым да парываў. Таксама фталаты часта выкарыстоўваюць ва ўпакоўцы харчовых прадуктаў, мыйных сродках, адзеньні, мэблі і аўтамабільных плястыках, а таксама дадаюць іх у сродкі асабістай гігіены (такія як шампунь, мыла), лак для валасоў і касмэтыку, каб падоўжыць тэрмін дзеяньня водараў.
Паводле Цэнтра ЗША па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў, людзі зазнаюць узьдзеяньне фталатаў, калі дыхаюць забруджаным паветрам або ядуць ці п’юць прадукты, якія кантактуюць з плястыкам.
У новым дасьледаваньні, апублікаваным у аўторак у часопісе eBiomedicine, вывучаўся ўплыў аднаго фталата — ды (2-этылгексіл) фталата (DEHP) — на глябальную сьмяротнасьць у 200 краінах і тэрыторыях. Аналіз паказаў, што ўзьдзеяньне DEHP прывяло да 368 764 сьмерцяў у 2018 годзе сярод мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 55 да 64 гадоў ва ўсім сьвеце. На Афрыку прыйшлося 30% сьмерцяў ад хваробаў сэрца, зьвязаных з DEHP, у той час як на Ўсходнюю Азію і Блізкі Ўсход — 25% сьмерцяў, паказала дасьледаваньне.
Як абмежаваць узьдзеяньне фталатаў на ваша здароўе
Каб мінімізаваць узьдзеяньне фталатаў на арганізм, экспэрты раяць «пазьбягаць плястыку, наколькі гэта магчыма». Сярод іншага:
- Скарачэньне спажываньня ўльтраапрацаваных прадуктаў можа зьнізіць узровень узьдзеяньня хімічных рэчываў, зь якімі вы кантактуеце.
- Ніколі ня стаўце плястыкавыя кантэйнэры ў мікрахвалёўку ці посудамыйную машыну.
- Выкарыстоўвайце неараматызаваныя лясьёны, мыйныя сродкі, сродкі для чысткі і інш.
- Выкарыстоўвайце шкло, нержавеючую сталь, кераміку ці дрэва для захоўваньня прадуктаў.
- Купляйце сьвежую або замарожаную садавіну і гародніну замест кансэрваванай і апрацаванай.
- Часта мыйце рукі, каб змыць зь іх часьцінкі хімікатаў.
- Пазьбягайце асьвяжальнікаў паветра і ўсіх відаў плястыку з маркіроўкай № 3 (ПВХ або полівінілхларыд), № 6 (полістырол (ПС) ці пенапалістырол) і № 7 (іншыя віды плястыку, якія не атрымалі асобнага нумара ў агульнай клясыфікацыі).
Форум