Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў намесьнік міністра абароны Аляксандар Навуменка:
«Парад 9 траўня пройдзе ў складзе паветранага эшалёну, пешай і мэханізаванай калёнаў. Пачатак вайсковага параду — 20:30. У складзе паветранага эшалёну пройдуць 39 паветраных суднаў (12 верталётаў і 27 самалётаў). Зь іх 35 адзінак ад Міністэрства абароны Беларусі і 4 адзінкі авіяцыйнай тэхнікі ад Расейскай Фэдэрацыі. Расею будзе прадстаўляць авіяцыйная група найвышэйшага пілятажу «Рускія віцязі» на самалётах Су-30СМ. У рыхтаваньне паветранага эшалёну залучана 48 суднаў, у тым ліку 9 запасных», — сказаў ён.
Дзяржаўныя СМІ раней называлі іншы час — 18:00.
Сьвяточны салют у Менску 9 траўня пачнецца ў 21:40, паведамілі ў Менгарвыканкаме. Яго запусьцяць у шасьці месцах, асноўная пляцоўка будзе каля гатэлю «Беларусь».
Апрача яе, салют будзе
- у парку імя Паўлава,
- у мікрараёне Дразды,
- у парку імя Уга Чавэса,
- на пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны»,
- ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Вайсковы парад да Дня перамогі 9 траўня пройдзе таксама ў расейскай сталіцы Маскве. Там ён пачнецца ў 10:00. На гэты парад запрасілі Аляксандра Лукашэнку. Ён раней пацьвердзіў сваю прысутнасьць.
У Дзень перамогі 9 траўня асабовы склад органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў Беларусі з 6:00 перавядуць на «ўзмоцнены варыянт нясеньня службы».
Супрацоўнікі міліцыі будуць несьці службу як у форме, так і ў цывільным, ува ўсіх месцах правядзеньня масавых захадаў «будуць задзейнічаны магчымасьці рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі».
У асобных месцах, у тым ліку на месцы правядзеньня параду, разгорнуць кантрольна-прапускныя пункты, дзе будуць праводзіць асабісты надгляд. Забароненыя рэчы, паведаміў міліцэйскі начальнік, можна будзе здаць у часовыя камэры захоўваньня.
Каля месцаў правядзеньня сьвяточных імпрэзаў 9 траўня будзе абмежаваны рух транспарту.