Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар “Народнай волі” адмовіўся ад паслугаў свайго адваката


Ганна Соусь, Менск Сёньня судзьдзя суду Ленінскага раёну Менску Любоў Валевіч прызначыла тэхніка-крыміналістычную экспэртызу факсаў з ірацкай амбасады, якія прадставілі суду “Народная воля” і лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Суд даручыў правядзеньне экспэртызы экспэрту менскай міліцыі.

Дасьледаваньне дакумэнтаў павінна быць праведзенае да панядзелка, тады ж судовыя слуханьні будуць адноўленыя. Сёньня ж галоўны рэдактар “Народнай волі” адмовіўся ад паслугаў свайго адваката Уладзімера Пташніка.

Вось як патлумачыў нашай карэспандэнтцы гэтае рашэньне прадстаўнік “Народнай волі” ў судзе намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Проста адмовіўся ад паслугаў адваката, і мы засталіся безь юрыдычнай падтрымкі з боку калегіі адвакатаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А зь якой прычыны?”

(Паганяйла: ) “Не хацеў бы ўступаць у калізію з калегам па цэху…”

(Карэспандэнтка: ) “Ці новага адваката будзеце браць?”

(Паганяйла: ) “Не. Да канца працэсу ня будзем браць новага адваката, таму што хлопцы не гатовыя сёньня выступаць у такога кшталту справах. Не з прычын адсутнасьці прафэсіяналізму, а з прычыны нястачы грамадзянскай мужнасьці”.

Нагадаем, што лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч патрабуе праз суд абвергнуць апублікаваную ў “Народнай волі” інфармацыю пра тое, што ён супрацоўнічаў з рэжымам Садама Хусэйна і запазычыў ірацкаму боку каля мільёна даляраў.

Сяргей Гайдукевіч патрабуе з газэты 200 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG