Пра гэта заявіла 5 траўня прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч на канфэрэнцыі АБСЭ «Абарона грамадзянскай прасторы — роля праваабаронцаў і свабода мірных сходаў: Дадатковая нарада па „чалавечым вымярэньні“».
«Сёньня ў Беларусі немагчыма арганізаваць мірны пратэст, калі ён крытыкуе рэжым, падтрымлівае апазыцыю або заклікае да вызваленьня палітзняволеных. Дазволены толькі санкцыянаваныя дзяржавай мерапрыемствы», — цытуе Сацункевіч «Вясна».
Тое, што адбываецца ў Беларусі — «гэта не проста рэпрэсіі, гэта сыстэматычны наступ на асноўныя свабоды і злачынствы супраць чалавечнасьці», дадала яна.
Становішча з палітычнымі зьняволенымі становіцца штораз горшым, сказала старшыня:
«Я заклікаю вас распачаць канкрэтныя і скаардынаваныя дзеяньні, каб запатрабаваць вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі і пакласьці канец парушэньням правоў чалавека, якія ўсё працягваюцца».
Праваабаронца адзначыла, што ў Беларусі «дзяржаўныя законы аб мірных сходах застаюцца празьмерна абмежавальнымі і не адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека».
Амаль празь пяць гадоў рэпрэсіі працягваюцца, сказала Сацункевіч і прывяла некаторыя лічбы: толькі ў 2024 годзе больш за тысячу чалавек асудзілі паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за пратэсты ў 2020 годзе. Толькі ў мінулыя выходныя на мяжы зь Беларуссю былі затрыманыя людзі, некаторыя зь якіх былі асуджаныя за ўдзел у пратэстах 2020 году.
Па стане на 5 траўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі збняволенымі 1196 чалавек.
Форум