Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька асуджаны на 15 сутак, прозьвішчы іншых арыштаваных


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэра Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку асудзілі на 15 сутак за “ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу”. Сёньня ж у менскім Палацы правасудзьдзя на вуліцы Сямашка судзілі яшчэ дзесяткі мітынгоўцаў з Кастрычніцкай плошчы.

Сёньня ў Ленінскім судзе Менска асудзілі на 15 сутак лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, якога АМАПаўцы арыштавалі ўначы на праспэкце Пераможцаў (былы Незалежнасьці) непадалёк ад плошчы. Прысуд вынесла судзьдзя Любоў Валевіч. Пра тое, што Анатоль Лябедзька удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, сьведчылі АМАПаўцы Вадзім Гарблюк і Валер Драмкоў. Яны прызналі, што затрымалі Анатоля Лябедзьку паводле адмысловага сьпісу “найбольш ўплывовых апазыцыянэраў”. Вось як Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў вынесены яму прысуд.

(Лябедзька: ) “Гэта працэс над праўдай і справядлівасьцю. І пакуль будзе такі рэжым, такія працэсы будуць працягвацца. Сорамна за такі суд, за судзьдзяў...”

Праз хвіліну Анатоля Лябедзьку міліцыянты вывелі з судовай залі.

Суд над лідэрам АГП цягнуўся паўгадзіны, але гэта быў рэкорд працягласьці. Астатніх прывезеных ў Ленінскі раённы суд мітынгоўцаў судзілі значна хутчэй. Прыкладам, каб даць юнаку Лявону Маліноўскаму 10 сутак, хапіла 20 хвілінаў. За такі ж час асудзілі да 10 сутак былую студэнтку БДЭУ Тацяну Хому, якая ўваходзіць у кіраўніцтва Аб’яднаньня нацыянальных студэнцкіх зьвязаў Эўропы. Крохкую дзяўчыну вадзілі па суду пад канвоем двух міліцыянтаў з дубінкамі. Таксама ў Ленінскім судзе судзілі актывіста БНФ Сяргея Міхнова.

А ўсяго сёньня ў Ленінскі суд прывезьлі 17 мітынгоўцаў, аднак сьпісу гэтак і не вывесілі. Гэтак сама не даюць зьвестак пра затрыманых у Партызанскім судзе Менска. Толькі ў Кастрычніцкім судзе вывесілі сьпіс з 8 чалавек, якіх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэта Рэц, Лугін, Пінчук, Пажараў, Ляхаў, Калбаска, Лучына і Дземчанка. Якое дакладна ім вынесенае пакараньне ў судзе не праінфармавалі.

Сёньня ў Палацы правасудзьдзя на вуліцы Сямашка было шмат людзей, якія шукаюць сваіх зьніклых сваякоў ці сяброў. Людзі распытвалі пра Аляксея Буклея, Аню Кухараву, Яўгена Бірука, Ільлю Рэшэтоўскага. Гэтых людзей хутчэй за ўсё затрымалі побач з Кастрычніцкай плошчай, але ўлады нічога не праведамляюць пра іх лёсы. У судзе я сустрэў Сьвятлану Касько. З яе двух сыноў з Кастрычніцкай плошчы вярнуўся толькі адзін, Аляксандр, са зьбітым у кроў тварам. Сьвятлана Касько распавяла.

(Жанчына: ) “Амапавец запытаўся ў сына: “Што, вельмі дужы?” і ударыў яго ў нос. У сына жахлівае карціна, кроў ішла ўсю ноч. А другога сына знайсьці ня можам. З 6 раніцы былі і на Акрэсьціна, і паўсюль, ніхто нічога не кажа”.

Анатоль Лябедзька ў судзе таксама казаў, што большасьць затрыманых, якіх ён бачыў у камэры ізалятара на Акрэсьціна, былі жорстка зьбіты. Паводле Анатоля Лябедзькі, гэтым разам “менскі АМАП пабіў ўсе рэкорды жорсткасьці”.

************ Як паведамляе БелаПАН, давераная асоба Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі судом Фрунзэнскага раёну Менску асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Іншая давераная асоба Мілінкевіча Аляксей Янукевіч асуджаны на 12 сутак арышту.

Прозьвішчы некаторых іншых асуджаных:

Вольга Чырных - 10 сутак; Андрэй Церашкоў - 10 сутак; Андрэй Денісевіч - 10 сутак; Юры Сідун - 10 сутак; Сп-р Кострычаў - 10 сутак; Екацярына Легіза – 3 сутак; Сп-р Грабавы – 15 сутак; Сп-р Кардаш – 10 сутак; Віталь Алейнік – 10 сутак; Сп-р Грыбовіч – 10 сутак; Сп-р Анушкевіч – 10 сутак; Сп-р Лучына – 10 сутак; Юры Чавусаў –10 сутак.

Гл.таксама • Тацяну Хому пасадзілі на 10 сутак
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG