Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узмацняецца ціск на сьвятароў і вернікаў


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Беларусі – дзень ўсеагульнага зьмірэньня і малітвы. Сярод іншага вернікі будуць маліцца, каб Аляксандар Лукашэнка задаволіў просьбу шматдзетнай сям’і Лукасік зь Мядзелу не дапусьціць дэпартацыю Яраслава Лукасіка – мужа, бацькі і пастара Царквы Хрысьціян веры эвангельскай. У дачыненьнях зь дзяржавай хапае праблемаў таксама і ў каталіцкіх, уніяцкіх, праваслаўных ды іншых прыходах.

З Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрства ўнутраных спраў чакае адказу Натальля Лукасік. Маці траіх дзяцей ня просіць, а патрабуе ў чыноўнікаў не разьбіваць яе сям’ю.

“Калі мы ўзялі шлюб, то мелі права выбраць у якой краіне будзем жыць. Бо Польшча ўваходзіць у Эўразьвяз. Але сьвядомым рашэньнем выбралі Беларусь. Будзем выхоўваць тут сваіх дзяцей на роднай мове. На беларускай гістарычнай спадчыне. Вось. І раптам такое неабгрунтаванае, абсалютна беспадстаўнае рашэньне Мядзельскага РАУС...”

Яраслаў Лукасік папярэджаны, што ў тэрмін да 7-га чэрвеня мусіць выехаць зь Беларусі. Прычынай такога рашэньня нібыта зьяўляецца– цытую: “дзейнасьць, накіраваная на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі ў сфэры рэлігійных стасункаў”. У Камітэце ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў спрабую ўдакладніць канкрэтную віну сьвятара.

“У нас дзейнічае закон аб свабодзе сумленьня. І калі адбываюцца нейкія меры па высылцы ці іншае, то звычайна яны маюць падставу”, – адказвае супрацоўнік Міхаіл Рыбакоў:

Нагадваю суразмоўцу, што паводле даволі агульнага зьместу фармулёвак ўлады сёлета не падоўжылі візы шасьці польскім ксяндзам. Юрыдычную рэгістрацыю ня можа атрымаць рэлігійнае аб’яднаньне “Сьвядомасьць Крышны”. Праз судовыя працэсы вымушана абараняцца царква “Новае жыцьцё”. 15 траўня адхілены ад службы ў праваслаўнай царкве сьвятар Аляксандар Шрамко. Між тым праваабаронцы і шмат якія вернікі называюць іх заступнікамі правоў на свабоду сумленьня.

“Калі гэтыя справы пераўтвараюцца ў нейкія акцыі розгаласу, то тады ўжо, як гаворыцца, прымаюцца крайнія меры”, – кажа супрацоўнік камітэту ў справах рэлігіі Міхаіл Рыбакоў.

Да сёньня ў Беларусі працягваецца грамадзкая кампанія ў абарону права на свабоду сумленьня. Арганізатары заяўляюць, што сьвятары розных канфэсіяў караюцца выгнаньнем, штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. У прыватнасьці, прапаведнік Сяргей Шаўцоў затрымліваўся на 10 сутак. Пастар царквы “Запавет Хрыста” Георгій Вязоўскі – таксама. Упершыню летась вернікі эвангельскай і каталіцкай канфэсіяў зьвярнуліся да галадовак.

“На маю думку, у дзяржаве надышла чарга гэтай сацыяльнай групы на ўціск, кажа праваабаронца Валянціна Трыгубовіч. – Спачатку душылі палітычна актыўных, пасьля – грамадзкіх актывістаў, цяпер дабраліся да рэлігійных. Гэтыя людзі вераць у Бога. Ён для іх найвышэйшая сіла і закон. А гэта не супадае з ідэалягічным пастулятамі гэтай дзяржавы. Вось за гэта вернікаў і душаць”.

Гл. таксама

• Сытуацыя з выкананьнем правоў вернікаў у Беларусі пагаршаецца

• У якім кірунку разьвіваецца рэлігійная палітыка ў Беларусі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG