Ніна Маргаева хварэла на бакавы аміятрафічны склероз (БАС). Яго ёй дыягнаставалі ў студзені 2023 году ў Варшаве. Хвароба прагрэсавала.
У Ніны застаўся 13-гадовы сын.
Ніна Маргаева нарадзілася ў 1984 годзе. У 2007-м скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў па спэцыяльнасьці «народныя рамёствы» (спэцыялізацыя — кераміка).
З 1997 году, яшчэ падлеткам, Ніна пачала актыўна ўдзельнічаць у мастацкіх выставах і пленэрах.
Згадаем некалькі раньніх выстаў, дзе дэманстраваліся творы Ніны Маргаевай: «Артсэсія» (2004, 2005), «Шляхамі Напалеона Орды» (2007), «Успамін пра Дабраўляны» (2008). У 2007 годзе ў Доме-музэі Ваньковіча адбылася пэрсанальная выстава Ніны Маргаевай сумесна зь Верай Каўзановіч «Дыярыюш».
У Менску Ніна заснавала дзіцячую мастацкую студыю PLOT. Потым арандавала майстэрню і цягам 7 гадоў працавала зь дзецьмі і дарослымі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Ніна Маргаева падпісала «Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў».
На мастачку пачаўся ціск, і ў чэрвені 2022 году Ніна была вымушаная зьехаць зь Беларусі з сынам Міронам і спаніэлем па мянушцы Хлоя.
У кастрычніку 2022 году ў Варшаве Ніна Маргаева запусьціла новы праект «Glieba». Заняткі зь дзецьмі праходзілі ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве.
«Я вельмі спадзяюся, што з часам здолею зьяднаць мастком усіх, хто цяпер у Беларусі і тых, хто вымушана зьехаў, таму што наша Glieba ўсё адно ўнутры нас», — пісала Ніна пра свой новы праект.
Калі стала вядома пра цяжкую хваробу Ніны, Беларуская рада культуры, а таксама калегі і сябры абвяшчалі тыдзень салідарнасьці з мастачкай Нінай Маргаевай і збор на лячэньне і падтрымку яе.
15 кастрычніка ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве прайшла вялікая пэрсанальная выстава мастачкі. На ёй можна было купіць некаторыя творы, грошы ішлі на падтрымку Ніны.
Форум