Сьцісла:
- Ідэалягема «Вялікай Перамогі» зьяўляецца ідэалягічным падмуркам цяперашняй расейскай агрэсіі, абгрунтаваньнем імпэрскага рэваншу за распад СССР.
- РФ аб’явіла сябе авангардам барацьбы сусьветнай большасьці супраць Захаду. І прысутнасьць лідэраў замежных дзяржаў на парадзе ў Маскве закліканая была даказаць, што гэтая большасьць на баку Расеі. Аднак прадэманстраваць вялікую міжнародную вагу ў Пуціна ня вельмі атрымалася.
- Да 2020 году Лукашэнка тлумачыў сваю адсутнасьць на ўрачыстасьцях у Маскве 9 траўня тым, што ён павінен адзначаць гэтае сьвята дома, разам з сваім народам. На той час гэта для яго было пытаньнем прынцыпу.
- Цяпер залежнасьць ад Расеі аказалася такой вялікай, што Лукашэнка вымушаны кожны год, а ня толькі на юбілей, 9 траўня прысутнічаць на парадзе ў Маскве. А ўрачыстасьці ў Менску пераносіць на вечар гэтага дня.
Тэма прысутнасьці замежных лідэраў на парадзе ў Маскве аказалася моцна палітызаванай
Чацьвёрты год сьвяткаваньне Дня Перамогі адбываецца на тле расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэты год — юбілейны, 80 год прайшло пасьля заканчэньня вайны. Што надае ўрачыстасьцям асаблівы характар.
Як вядома, у Расеі ідэалягема «Вялікай Перамогі» зьяўляецца ідэалягічным падмуркам цяперашняй расейскай агрэсіі, абгрунтаваньнем імпэрскага рэваншу за распад СССР, канфлікту з Захадам. Крэмль выкарыстоўвае сьвята, каб зьвязаць дзьве вайны, прадставіць цяперашнюю агрэсію супраць Украіны як працяг вайны з фашызмам. Пуцін абгрунтоўваў напад на суседнюю краіну неабходнасьцю яе «дэнацыфікацыі».
Чым далей па часе ад нас тая вайна, тым больш у сьвеце барацьбы вакол інтэрпрэтацыі яе вынікаў
Для Уладзіміра Пуціна была вельмі важная прысутнасьць падчас урачыстасьцяў на Краснай плошчы як мага большай колькасьці кіраўнікоў дзяржаваў. Гэта павінна было прадэманстраваць адсутнасьць міжнароднай ізаляцыі Расеі, ускосную падтрымку яе замежнай палітыкі. РФ аб’явіла сябе авангардам барацьбы сусьветнай большасьці супраць Захаду. І прысутнасьць лідэраў замежных дзяржаў на парадзе ў Маскве закліканая была даказаць, што гэтая большасьць на баку Расеі.
Увогуле варта адзначыць, што чым далей па часе адыходзіць ад нас тая вайна, тым больш у сьвеце абвастраецца палітычная, ідэалягічная, дыпляматычная барацьба вакол інтэрпрэтацыі яе вынікаў, прычын узьнікненьня, сымбалічнага капіталу Перамогі. Вось, напрыклад, значную ўвагу прыцягнула заява Дональда Трампа, што перамога была дасягнутая пераважна дзякуючы Злучаным Штатам.
Таму не дзіва, што тэма сёлетняга сьвяткаваньня была моцна палітызаваная, вакол пытаньня прысутнасьці на парадзе ў Маскве палалі жарсьці.
Аднак прадэманстраваць вялікую міжнародную вагу ў Пуціна ня вельмі атрымалася.
Дзеля параўнаньня. У 2005 годзе падчас сьвяткаваньня 60-годзьдзя Перамогі на Краснай плошчы прысутнічалі кіраўнікі 53 дзяржаваў. Сярод іх — лідэры ЗША, Францыі, Нямеччыны, Японіі.
Сёлетні парад прайграе таму ў прадстаўнічасьці. Прысутнічалі кіраўнікі 26 краін. З буйных дзяржаваў там былі толькі лідэры Кітаю і Бразыліі.
Дзіўна глядзеліся ў якасьці ўдзельнікаў парадаў вайсковыя падразьдзяленьні Віетнама, Лаоса, М’янмы. Не зусім зразумела, якое дачыненьне маюць гэтыя краіны да юбілею перамогі СССР і антыгітлераўскай кааліцыі.
Дарэчы, на парадзе так і ня ўбачылі разрэклямаванага ракетнага комплексу «Арэшнік», які нібыта зьбіраюцца разьмясьціць сёлета ў Беларусі.
Зьмена традыцыі
Варта зазначыць, што прысутнасьць Аляксандра Лукашэнкі на парадзе ў Маскве 9 траўня — гэта традыцыя, якая ўсталявалася апошнімі гадамі. Да падзей 2020 году гэты дзень ён звычайна сьвяткаваў дома, у Менску. Так было на ўсе юбілеі.
Да падзей 2020 году Лукашэнка звычайна сьвяткаваў Дзень Перамогі дома, у Менску
У 1995 годзе, калі адзначалася 50-годзьдзе Перамогі, Лукашэнка на 9 траўня ня езьдзіў у Маскву. Яму было не да таго, бо Беларусь рыхтавалася да рэфэрэндуму, які меў надзвычай важнае значэньне для ўстанаўленьня аднаасобнай улады.
На тым, узгаданым вышэй самым прадстаўнічым сьвяткаваньні юбілею перамогі ў 2005 годзе, Лукашэнкі на парадзе на Краснай плошчы таксама не было. Як не прысутнічаў ён на парадзе ў Маскве на 70-годзьдзе Перамогі ў 2015 годзе.
Лукашэнка тлумачыў сваю адсутнасьць на ўрачыстасьцях у Маскве 9 траўня тым, што ён павінен адзначаць гэтае сьвята дома, разам з сваім народам. На той час гэта для яго было пытаньнем прынцыпу.
Выступаючы з пасланьнем у Нацыянальным сходзе 29 красавіка 2015 году, ён казаў:
«У сьвеце засталося дзьве краіны, якія сьвята шануюць Вялікую Перамогу як здабытак нашага народа. І калі Расея, успомніце, дзесьці яшчэ вагалася ў 90–е гады, вы ж гэта памятаеце, ніхто парады не праводзіў. Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам… Мы дамовіліся, у нас свой парад, у нас свае тыя ж мерапрыемствы, як і ў Маскве, у Расеі. Нават шырэй, па ўсёй краіне. Не дзеля паказухі».
Калі перавесьці гэты сьпіч на зразумелую мову, то з тых дзьвюх краін ва ўсім сьвеце, «якія сьвята шануюць Вялікую Перамогу», сапраўдным і пасьлядоўным спадкаемцам яе зьяўляецца Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Расія «вагалася» у 1990-я гады, не праводзіла парады. Там адзначаюць сьвята не так шырока, як у Беларусі, ды яшчэ з налётам паказухі.
У такім выпадку ўсё становіцца на свае месцы, і пытаньне аб прысутнасьці беларускага правіцеля 9 траўня на Краснай плошчы ў Маскве адпадае само сабой.
Каб уцерці нос расейскаму лідэру, Лукашэнка ахвяраваў людзьмі, якія маглі заразіцца кавідам
Вельмі паказальная гісторыя адбылася ў 2020 годзе, калі сьвяткавалася 75-годзьдзе Перамогі. Тады ў зьвязку з ковідам Пуцін перанёс парад на Краснай плошчы з 9 траўня на 24 чэрвеня. А Лукашэнка, у процівагу прэзыдэнту Расеі, дэманстратыўна правёў парад у Менску менавіта 9 траўня. Каб уцерці нос расейскаму лідэру, ён ахвяраваў людзьмі, якія маглі заразіцца кавідам.
Лукашэнка выставіў Пуціна слабаком, які схаваўся ад каранавірусу ў бункеры і адмовіўся ад параду ў гонар такой даты. І запрасіў лідэраў постсавецкіх дзяржаў прыехаць у Менск на 9 траўня. На кароткі час перахапіў у Пуціна статус галоўнага спадкаемцы і захавальніка традыцыі сьвяткаваньня Дня Перамогі.
Лукашэнка ў Маскве
А пасьля 2020 года ўсё зьмянілася. Прынцыпы зьмяніліся. Застаўся галоўны — захаваньне ўлады любым коштам. Без падтрымкі Расеі гэта стала нерэальным. І таму Лукашэнка вымушаны кожны год, а ня толькі на юбілей, 9 траўня прысутнічаць на парадзе ў Маскве. А ўрачыстасьці ў Менску пераносіць на вечар гэтага дня.
Пасьля 2020 году захаваньне ўлады без падтрымкі Расеі стала нерэальным
8 траўня падчас сьвяточнага канцэрту ў Крамлі Лукашэнка сядзеў побач з Пуціным, зьлева ад яго. А справа ад прэзыдэнта Расеі пасадзілі кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна. А вось на самім парадзе гонару сядзець побач з Пуціным быў удастоены толькі старшыня КНР. Лукашэнка з сынам Колем аказаўся побач з кіраўнікамі краін СНД.
Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што і Лукашэнка і ягоны сын не прышпілілі георгіеўскія стужкі. А ў Пуціна і Сі Цзіньпіна яны былі.
Лукашэнка не застаўся на прыёме для лідэраў замежных дзяржаў, які даваў Пуцін у Крамлі. Ён вылецеў з Масквы ў Менск у 12.46. І застаецца загадкай, чаму парад у беларускай сталіцы прызначылі так позна, на 20.30. Адзінае тлумачэньне палягае ў тым, што Лукашэнку цяпер патрэбна больш часу, чым раней, каб адпачыць ад напружанага працоўнага графіку.
Форум