Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны касьцёл у Менску будуць рэканструяваць да сьнежня 2026 году


Чырвоны касьцёл, архіўнае фота
Чырвоны касьцёл, архіўнае фота

Журналісты даведаліся падрабязнасьці рэканструкцыі і знайшлі, што ў час мінулай, калі храм не закрывалі, ужо мянялі ўсе інжынэрныя сеткі і камунікацыі.

Прайшло два месяцы з таго часу, як афіцыйна было заяўлена аб хуткім пачатку будаўнічых работ у закрытым ужо больш за два з паловай гады Чырвоным касьцёле (сьвятых Сымона і Алены) у Менску. Але да гэтага часу сытуацыя ніяк не зьмянілася — у храме па-ранейшаму не вядуцца ніякія работы, адзначае выданьне Katolik.life.

Пробашч парафіі апошнія тыдні ў час нядзельных аб’яў не кранаў гэтую тэму і нічога не паведамляў пра якія-небудзь зрухі.

Але выданьне знайшло дакумэнтацыю, паводле якой у храме сапраўды пройдуць маштабныя работы. Яны завершацца не раней за 2027 год. Толькі пасьля гэтага можна чакаць адкрыцьця касьцёлу.

Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Менская спадчына» заяўляў 14 сакавіка аб тым, што рамонтна-аднаўленчыя работы ў будынку пачнуцца пасьля вывазу парафіяй сваёй маёмасьці. У парафіі прынялі гэтыя ўмовы і забралі амаль усе рэчы з касьцёлу. Забралі нават лавы, усю бібліятэку і грувасткія спавядальні, некаторыя прыйшлося ламаць. Вываз маёмасьці завяршыўся яшчэ да канца сакавіка.

Чыноўнік заяўляў, што новы комплекс рамонтна-аднаўленчых работ уключае «замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынэрных сетак». Хоць на сайце «Менскпрамбуду», які ў 2017–2019 гадах на заказ «Менскай спадчыны» праводзіў першую маштабную рэканструкцыю Чырвонага касьцёлу, пазначана, што на тым этапе ўжо была праведзена замена «ўсіх інжынэрных сетак, унутраных і вонкавых камунікацый».

Што канкрэтна зьбіраюцца рабіць цяпер, вядома з дакумэнтацыі абвешчанага тэндэру на выбар генэральнага падрадчыка. Гэта ўжо другі тэндэр, тэрмін якога заканчваецца 15 траўня, а першы быў прызнаны несапраўдным. Заяўку ў той раз падала толькі адна арганізацыя — той жа самы «Менскпрамбуд».

Журналісты выданьня заўважылі, што ў дзяржзакупцы аб’ект не называюць «касьцёлам», а толькі «будынкамі № 13, № 15 па вул. Савецкай» (сам храм і плябанія, дом сьвятара).

Праект прадугледжвае, у прыватнасьці, рамонт даху, усталяваньне шклянога казырка, вонкавых інжынэрных сетак, аконных праёмаў, супрацьпажарных перагародак, пакрыцьця падлогаў, комплекс сантэхнічных і электрамантажных работаў, стварэньне безбар’ернага асяродзьдзя, новае маналітнае перакрыцьцё.

Што тычыцца электраправодкі, дык «праектам прадугледжана абарона раздымнымі кажухамі існуючых кабэльных ліній». Таксама плянуецца рамонт сыстэмаў ацяпленьня, водазабесьпячэньня, каналізацыі.

Зь мясцовага бюджэту Менску на новую рэканструкцыю павінны выдаткаваць амаль 10 млн рублёў. Тэрмін работаў — 20 месяцаў. Яны павінны пачацца ў чэрвені 2025 і завяршыцца ў сьнежні 2026 году, а здача аб’екту ў эксплюатацыю заплянаваная на студзень 2027 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG