Украінскія дзеячы прыйшлі да могілак савецкіх жаўнераў у Варшаве ў белым адзеньні, на якім намалявалі сьляды чырвонай фарбай, што сымбалізавала мноства цывільных ахвяраў расейскай вайны супраць Украіны. Расейскі пасол усьміхаўся, але ішоў, абступаючы людзей. Акрамя таго, на могілкі прыйшлі прарасейскія актывісты зь дзецьмі, якіх апранулі ў вайсковую форму з аранжава-чорнымі стужкамі, піша «Белсат».
Прарасейскія актывісты напалі на журналістку «Слава ТВ» у жывым этэры. Яны абражалі яе і не давалі нармальна працаваць.
9 траўня ў Варшаве пасол Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў прыехаў ускласьці кветкі на могілкі савецкіх салдат у Варшаве.
Тры гады таму гэта скончылася тым, што расейскага дыплямата аблілі чырвонай фарбай. Украінская дыяспара зьбірала подпісы пад пэтэцыяй аб выдварэньні расейскага пасла з Польшчы.
У час ускладаньня кветак Сяргею Андрэеву, з усіх бакоў акружанаму аховай, крычалі «расейскі сабака, едзь назад у Расею» і «тэрарыст». Скандаваньні пратэстоўцаў расейскі бок спрабаваў заглушыць савецкай музыкай.
Форум