На сэсіі 6 чэрвеня Дэпутаты гарадзкой рады Познані вырашылі надаць Анжаліцы Борыс званьне Ганаровай грамадзянкі гораду.
Такі тытул атрымаюць таксама пэдагог Януш Хэлер, баскетбалістка Івона Яблоньска, пісьменьнік-сатырык Лех Канапіньскі, музыкантка Ўршуля Сіпіньска і Фонд гуманітарнай дапамогі Redemptoris Missio — адна з найбуйнейшых польскіх няўрадавых арганізацый, якая аказвае гуманітарную дапамогу краінам, што разьвіваюцца.
Анжаліка Борыс — шматгадовая старшыня Саюзу палякаў Беларусі. Ганаровае грамадзянства ёй і іншым ляўрэатам уручаць падчас урачыстай сэсіі 29 чэрвеня.
- Анжаліка Борыс нарадзілася ў 1973 годзе ў польскай сям’і ў БССР. З 1995 году яна была сябрам Саюзу палякаў Беларусі, а ў 2005 годзе была абраная яго старшынёй, што ўлады Беларусі ўспрынялі нэгатыўна. За дзейнасьць на карысьць беларускіх палякаў яе неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці, дапытвалі ў КДБ, пракуратуры і міліцыі, каралі высокімі штрафамі і пазбаўленьнем волі. За сваю дзейнасьць Борыс атрымала шмат узнагарод, у тым ліку прэмію «Fidelis Poloniae» за абарону свабоды слова, прысуджаную Сусьветным форумам СМІ палякаў, якія пражываюць за мяжой Польшчы. У 2011 г. за выдатны ўклад у папулярызацыю Польшчы ў сьвеце атрымала Ганаровую грамату міністра замежных спраў.
- Анжаліку Борыс, журналіста Анджэя Пачобута, а таксама актывістак Саюзу палякаў Беларусі зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця — Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву арыштавалі ў сакавіку 2021 году ў так званай «справе палякаў». Ім закідалі «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму». Празь нейкі час жанчын, апрача Анжалікі Борыс, вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь. Пачобут і Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Борыс і Пачобута палітычнымі вязьнямі, гэткай жа пазыцыі трымаюцца ўлады Польшчы. У сакавіку 2022 году старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс перавялі са сьледчага ізалятара ў Жодзіне пад хатні арышт. 4 красавіка 2023 году стала вядома пра вызваленьне Анжалікі Борыс з-пад хатняга арышту, у Менску ёй уручылі дакумэнт аб спыненьні справы «ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства».