Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прыгразіў Захаду «бліскавічнымі ўдарамі»


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у аўторак заявіў, што калі нехта «збоку» ўмяшаецца ў сытуацыю ва Ўкраіне і створыць для Расеі непрымальныя пагрозы стратэгічнага характару, Расея нанясе «бліскавічныя ўдары».

Ён адзначыў, што ўсе рашэньні адносна вокамгненных удараў у выпадку стратэгічнай пагрозы прынятыя.

Пуцін назваў удары «зваротна-сустрэчнымі». Гэты тэрмін ужываецца ў ваенных дактрынах у сувязі з ужываньнем ядзернай зброі. Зваротна-сустрэчным завецца такі ўдар, які наносіцца ва ўмовах, калі напад з боку праціўніка ёсьць пацьверджаным фактам, але яшчэ не прычыніў істотнай шкоды боку, які абараняецца (гэта значыць, напрыклад, пасьля запуску стратэгічных ракет, але яшчэ да таго моманту, як яны зьнішчылі свае цэлі).

Прэзыдэнт Расеі не сказаў, па якіх менавіта цэлях могуць быць нанесеныя вокамгненныя ўдары і якой зброяй. Непасрэдна пра ядзерную зброю ён не казаў. Аднак ён спаслаўся на сваю прамову ад 24 лютага, у якой абвясьціў пра пачатак так званай спэцапэрацыі ва Ўкраіне. Тады ён сказаў, што калі замежныя краіны ўмяшаюцца ў сытуацыю, яны сутыкнуцца з наступствамі, якіх яшчэ ня ведалі ў гісторыі.

Пуцін таксама не сказаў, што маецца на ўвазе пад непрымальнымі пагрозамі стратэгічнага характару. Расейская ваенная дактрына прадугледжвае, што ядзерную зброю Расея можа прымяніць першай у выпадку агрэсіі супраць яе, якая ставіць пад пагрозу само існаваньне дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG