Дата дня
21 жніўня 1991 году ў СССР пацярпеў паразу жнівеньскі путч: дэлегацыя ГКЧП прыляцела на дачу Міхаіла Гарбачова ў Фарос, Гарбачоў аднавіў сувязь з вонкавым сьветам, адмяніў усе пастановы ГКЧП і прызначыў новых кіраўнікоў сілавых ведамстваў.
Год таму ў гэты дзень
Увечары 21 жніўня ў Менску ад мэмарыялу ў Курапатах да турмы на Акрэсьціна людзісталі ў 13-кілямэтровы «ланцуг пакаяньня».
Сьвятлана Ціханоўская і Ганна Канапацкая падалі скаргі ў Вярхоўны суд аб прызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
Ціханоўская дала першую прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні. Гвалт трэба спыніць, палітычных зьняволеных — выпусьціць на волю, трэба правесьці свабодныя выбары, — сказала Ціханоўская.
Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў, што замест журналістаў БТ, якія звольніліся на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў, беларускія ўлады запрасілі журналістаў з Расеі. ТПаводле яго, разглядаецца варыянт запрасіць шахтароў з Украіны замест працаўнікоў, якія страйкуюць на «Беларуськаліі».
МУС паведаміла, што ў першыя дні пасьля 9 жніўня былі сотні зваротаў аб зьнікненьні людзей. Паводле МУС, цяпер засталося ўсяго некалькі дзясяткаў, бо большасьць тых, каго лічылі зьніклымі, знайшліся на адміністрацыйным арышце ці былі вызваленыя.
У Беларусі былі афіцыйна заблякаваныя онлайн-плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў і дзясяткі проксі-сэрвісаў, з дапамогай якіх пры адсутнасьці доступу да інтэрнэту 9–11 жніўня некаторыя карыстальнікі адкрывалі папулярныя мэсэнджары.
У МУС адбылася сустрэча тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з тагачасным мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Караеў паскардзіўся мітрапаліту Кандрусевічу на СМІ і сказаў, што пратэсты не былі мірнымі.
Таксама ў гэты дзень
1928 — у Менску адкрыўся Беларускі навукова-дасьледчы інстытут сухотаў.
1932 — у Вэнэцыі адбыўся першы міжнародны кінафэстываль.
1937 — у СССР расстралялі лідэраў кампартыі Польшчы.
1941 — у Менску стварылі Беларускую незалежніцкую партыю.
1959 — Гаваі атрымалі статус 50-га штату ЗША. Менш чым праз два гады тут народзіцца Барак Абама.
1968 — войскі краінаў Арганізацыі Варшаўскага дагавора ўварваліся ў Чэхаславаччыну, каб здушыць «Праскую вясну».
1991 — Латвія дэкляравала аднаўленьне сваёй незалежнасьці ад СССР.
1999 — у Сафіі зь пятай спробы падарвалі маўзалей, дзе да 1990 году ляжала цела камуністычнага лідэра Баўгарыі Георгія Дзімітрава.
У гэты дзень нарадзіліся
1874 — Уладзімер Беняшэвіч, беларускі гісторык, публіцыст.
1906 — Макар Пасьлядовіч, беларускі пісьменьнік.
1907 — Барыс Кавэрда, антыкамуністычны дзяяч.
7 чэрвеня 1927 году на Варшаўскім вакзале прагучалі стрэлы, якія азваліся на старонках усёй эўрапейскай прэсы. Беларус Барыс Кавэрда сьмяротна параніў паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава, што на Захадзе быў вядомы як непасрэдны ўдзельнік расстрэлу сям’і расейскага імпэратара Мікалая ІІ.
Паседжаньні польскага Надзвычайнага суда суправаджаліся дэманстрацыяй непрыхаванай сымпатыі публікі да зусім маладога падсуднага, якому яшчэ ня споўнілася і дваццаці гадоў. У прысутнасьці дамаў з букетамі кветак і сотні журналістаў былы навучэнец Віленскай беларускай гімназіі й супрацоўнік тыднёвіку «Беларускае слова» Кавэрда заявіў: «Пры знаю, што забіў Войкава, але вінаватым сябе не лічу. Я застрэліў Войкава за ўсё тое, што зьдзейсьнілі бальшавікі ў Расеі, — за мільёны людзей...».
Барысава маці Ганна, загадчыца сірочага прытулку ў Вільні, сьведчыла, што, калі сям’я жыла ў эвакуацыі ў Самарскай губэрні, сына перасьледавалі як «буржуазнае дзіця». Бальшавікі пасьля тэракту зруйнавалі школу, дзе вучыўся Барыс, і царкву, якую наведвалі Кавэрды. ЧК расстраляла Барысавага стрыечнага брата і шмат знаёмых. Насуперак спробам расейскай эміграцыі й польскай прэсы паказаць Кавэрду расейскім патрыётам альбо — адпаведна — палякам з паходжаньня й перакананьняў, Барыс абвясьціў на судзе, што «адчувае сябе беларусам».
Не зважаючы на тое, што Кавэрду абаранялі славутыя польскія адвакаты, ён атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне. Амністыя скараціла тэрмін да дзесяці гадоў. У 1931-м газэты паведамілі, што пасьля чатырохгадовай няволі Барыс Кавэрда ў стане дэпрэсіі перарэзаў сабе вены, але быў выратаваны. Пасьля вызваленьня з турмы ён жыў у Югаславіі й Польшчы. Канец Другой усясьветнай вайны засьпеў яго ў Княстве Ліхтэнштайн, што не выдавала савецкім уладам нікога з былых грамадзянаў як СССР, так і іншых усходнеэўрапейскіх краінаў. Пазьней Кавэрда выехаў у ЗША, дзе супрацоўнічаў з эміграцыйнай прэсай. Цікава, што з блізкімі пра сваё мінулае ён ніколі не размаўляў, аднак пакінуў падрабязныя, амаль пахвілінныя ўспаміны пра тэракт, што на некалькі дзён зрабіў ягонае імя вядомым у розных кутках плянэты.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 118–119.
1908 — Міхаіл Ельяшэвіч, беларускі фізык.