Дата дня
20 жніўня 1919 году памёр Іван Луцкевіч, беларускі археоляг, публіцыст, палітык, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Разам з братам Антонам Іван Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Я нічагуткі ня чуў пра яго ні ў школе, ні ва ўнівэрсытэце — і, як вы разумееце, зусім не таму, што быў дрэнным вучнем і нядбалым студэнтам.
На ўроках і лекцыях мы Івана Луцкевіча не «праходзілі», а ў Беларускай савецкай энцыкляпэдыі гаварылася нешта пагрозьлівае пра ідэалізацыю Луцкевічам Вялікага Княства Літоўскага і нацыяналістычнае супрацьпастаўленьне адвеку братніх і неразлучных беларускага і расейскага народаў.
Цяпер усё больш беларусаў ведае, што Іван Луцкевіч быў адным з бацькоў Беларускага Адраджэньня, хоць у іншай дзяржаве кожны памятаў бы пра гэта ад першай клясы, як два на два — чатыры.
У юначыя гады на яго, пляменьніка каліноўца, паўплывалі творы Францішка Багушэвіча і бацькавага знаёмага Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — таксама ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-га.
Яшчэ падчас навучаньня ў Менскай клясычнай гімназіі Іван разам з малодшым братам Антонам заснаваў гурток, сябры якога былі захопленыя ідэяй дасягненьня для беларусаў нацыянальнай ды сацыяльнай справядлівасьці.
Пасьля ўстаноўчага зьезду нашай першай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады, — што адбыўся ў 1903 годзе, Іван стаў яе сапраўдным лідэрам, а Антон — галоўным ідэолягам і публіцыстам. Беларускія сацыялісты чынна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях таго часу.
Гэта Іван Луцкевіч пад выглядам замоўцы зьявіўся пасьля вядомага Курлоўскага расстрэлу ў Менску на фабрыку Якабсона, гудок якой даў сыгнал да ўсеагульнай стачкі пратэсту.
Ён быў разам з братам Антонам заснавальнікам газэты «Наша ніва», што адыграла выключную ролю ў нацыянальным Адраджэньні, і Беларускага выдавецкага таварыства. З ініцыятывы Івана Луцкевіча адчынілася Віленская беларуская гімназія.
Велізарны плён дала ягоная навуковая дзейнасьць. Агледзеўшы сабраныя Іванам скарбы, якія сталіся асноваю Віленскага беларускага музэю, Максім Багдановіч захоплена пісаў: «Гэта ёсьць фундамэнт Адраджэньня. Гэта і за тысячу гадоў будзе сьведчыць пра нас».
Іван Луцкевіч адным зь першых зразумеў неабходнасьць дзяржаўнай самастойнасьці Бацькаўшчыны і разам з братам Антонам стаў у 1918-м ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах.
Цяжка хворы на сухоты, Іван працягваў аддана працаваць, і, калі сябры ў 1919-м завезьлі яго на курорт у польскае Закапанэ, было ўжо позна.
На пачатку 1990-х жменю зямлі з закапанскіх могілак прывёз у Вільню гісторык Алег Латышонак.
Іван вярнуўся ў любае ягонаму сэрцу «места Віленскае».
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 118–119.
Год таму ў гэты дзень
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады».
- У Сьледчы камітэт выклікалі чальцоў Каардынацыйнай рады юрыста Максіма Знака і лідэра страйкавага камітэту МТЗ Сяргея Дылеўскага.
- Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін абвясьціў пра пачатак маштабных тактычных вучэньняў на горадзенскім кірунку. «Бачым, што ідзе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы», — пракамэнтаваў міністар.
- У Крамлі заявілі, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.
- Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што краіна перажывае самы складаны этап у сваёй найноўшай гісторыі. «Гаворка папраўдзе ідзе аб захаваньні дзяржаўнасьці». Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы. «За гэтыя сьлёзы майго 11-гадовага сына я гатовы перагрызьці горла» — гаворыцца ў заяве міністра.
Таксама ў гэты дзень
1937 — польскя ўлады забаронілі дзейнасьць Таварыства беларускай асьветы.
1968 — войскі Варшаўскай дамовы ўвайшлі ў Чэхаславаччыну.
1991 — болей за 100 000 чалавек выйшлі да будынку Вярхоўнага Савету РСФСР у Маскве, пратэстуючы супраць змоўнікаў, якія жадалі скінуць Міхаіла Гарбачова.
1991 — у Менску ў гэты дзень на заклік дэпутатаў Апазыцыі БНФ адбыўся мітынг перад Домам ураду.
1991 — Эстонія абвяшчае сваю незалежнасьць ад СССР.
1998 — найвышэйшы суд Канады адмовіў Квэбэку ў незалежнасьці.
У гэты дзень нарадзіліся
1742 — Тадэвуш Рэйтан, удзельнік Барскай канфэдэрацыі, дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай.
1847 — Баляслаў Прус, польскі пісьменьнік.
1860 — Раймон Пуанкарэ, францускі дзяржаўны дзяяч, прэзыдэнт Францыі ў 1913-1920 гадах.
У памяці
1938 — Уладзімер Пракулевіч, юрыст, журналіст, палітык, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 г., палітэмігрант, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў
Ягоны жыцьцяпіс у першай сваёй частцы для беларускага нацыянальнага дзеяча — ня самы тыповы. Юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. У студэнцкія гады — сакратарства ў марксісцкім часопісе «Возрождение» і загадваньне аддзелам хронікі ў папулярнай газэце «Копейка». Потым — спакойная грашавітая праца ў Менскай казённай палаце і Менскім акруговым судзе.
Карэнны паварот жыцьцёвага шляху адбыўся ў 1917 годзе, калі Пракулевіч далучыўся да прыхільнікаў беларускае незалежнасьці. 1920-ы засьпеў яго на пасадзе судзьдзі ў Слуцку. 14 лістапада пачаў свае паседжаньні гістарычны Беларускі зьезд Случчыны, што абраў прыхільніка Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў Пркулевіча старшынём Рады. Праз тыдзень Рада Случчыны выдала незалежнiцкую дэклярацыю. Яшчэ праз тыдзень 1-я Слуцкая брыгада войскаў БНР атакавала бальшавіцкія аддзелы...
Пасьля Слуцкага паўстаньня Пракулевіч выехаў у Вільню, адкуль неўзабаве быў высланы польскімі ўладамі. На Бэрлінскай Усебеларускай канфэрэнцыі ён быў сярод тых, хто, паверыўшы ў Беларускі дом пад уладаю саветаў, падпісаў рэзалюцыю аб ліквідацыі незалежніцкага Ўраду.
Лёс былога кіраўніка слуцкіх паўстанцаў пасьля прыезду ў БССР быў перадвызначаны. Невысокая пасада ў Дзяржаўнай бібліятэцы, арышт у 1930-м па справе Саюзу вызваленьня Беларусі і высылка на пяць гадоў у Расею, паўторны арышт. Людзі кшталту Пракулевіча ня мелі шанцаў выжыць.
Зь яго фатаграфіі ў судовай справе пазірае барадаты шыракатвары беларус з глыбокімі разумнымі вачыма. Ён вельмі падобны да майго дзеда Максіма, таксама расстралянага ў тыя скрываўленыя трыццатыя.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.182-183
1940 — Леў Троцкі, расейскі рэвалюцыянэр, адзін з арганізатараў рэвалюцыі 1917 году ў Расеі, забіты ў Мэксыцы агентам НКВД.
1991 — Баляслаў Грабінскі, доктар мэдыцыны, беларускі грамадзкі дзяяч.
2011 — Віталь Скалабан, беларускі гісторык, літаратуразнавец.
Адзін з найлепшых айчынных архівістаў, які адкрыў мноства таямніцаў беларускага нацыянальнага руху, нашае культуры двух мінулых стагодзьдзяў, які на роўных вёў свае маўклівыя гаворкі зь Мітрафанам Доўнар-Запольскім, Усеваладам Ігнатоўскім, Максімам Гарэцкім.
Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, які сам не па чутках знаёмы з архіўнымі сховішчамі, дакладна заўважыў, што многія іх дасьледнікі хварэюць на сындром «скупога рыцара». Скалабан жа сапраўды быў рыцарам фэнамэнальна шчодрым: зь нязьменнай хітрынкаю ў вачах падказваў маладзейшым калегам шляхі пошукаў, выступаў на вечарынах, пісаў сцэнары, зьяўляўся ў свабодаўскіх праграмах «Беларуская Атлянтыда», «Вострая Брама», «Вольная студыя», што для чалавека на афіцыйнай пасадзе было яшчэ і рызыкай.
У ягоных публікацыях гісторыя набывала плоць і кроў і пачынала прамаўляць, крычаць, сьмяяцца, стагнаць і плакаць галасамі жывых рэальных людзей.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.612-613