Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: пятая гадавіна забойства Паўла Шарамета


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Падзеі 20 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

Пяць гадоў таму, 20 ліпеня 2016 году, у Кіеве загінуў журналіст Павел Шарамет. Аўтамабіль, у якім ён ехаў на працу, выбухнуў на скрыжаваньні цэнтральных вуліц украінскай сталіцы. Мiнакі, якія ў той момант апынуліся побач, спрабавалі выратаваць Шарамета, выцягнуўшы яго з пашкоджанага аўтамабіля. Але атрыманыя траўмы былі не сумяшчальныя з жыцьцём.

Месца забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, ліпень 2017 году
Месца забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, ліпень 2017 году

Таксама ў гэты дзень

1920 — часткі Чырвонай Арміі, якія наступалі на Польшчу, занялі Вільню.

1936 — была падпісаная гэтак званая канвэнцыя Мантрэ аб статусе праліваў Басфор і Дарданэлы. Канвэнцыя захоўвае за гандлёвымі суднамі ўсіх краінаў свабоду праходу праз пралівы як у мірны, так і ў ваенны час, але ўстанаўляе розны рэжым праходу ваенных караблёў у дачыненьні да чарнаморскіх і нечарнаморскіх дзяржаваў.

1941 — было створанае Міенскае гета, другое паводле велічыні на тэрыторыі СССР (пасля львоўскага). Усяго за гады нацысцкай акупацыі ў ім загінула больш за 105 000 яўрэяў.

1944 — палкоўнік вэрмахту Кляўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг зрабіў няўдалую спробу замаху на Гітлера.

1994 — Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу ў якасьці першага прэзыдэнта незалежнай Беларусі. Інаўгурацыя праходзіла пад бел-чырвона-белым сьцягам і на трыбуне з Пагоняй.

У гэты дзень нарадзіліся

1880 — Гальяш Леўчык, паэт, публіцыст, перакладчык, музыка.

1924 — Уладзімер Анічэнка, беларускі мовазнаўца.

1931 — Гай Пікарда, ангельска-францускі адвакат і музыказнаўца, дасьледнік беларускай культуры.

У памяці

1926 — памёр Фэлікс Дзяржынскі, кіраўнік ВЧК і ГПУ — карных органаў камуністычнага рэжыму. У гонар Дзяржынскага ў Беларусі дагэтуль застаюцца перайменаванымі два адметныя паселішчы — Койданава пад Менскам і вёска Радзілавічы ў Лельчыцкім раёне.

1977 — памёр Іван Любачка, беларускі гісторык. Аўтар многіх публікацый, у тым ліку «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957». Ашчаджаныя за жыцьцё сродкі Любачка запісаў на заснаваньне стыпендыяльнага фонду для падтрымання дасьледаваньняў у галіне беларусазнаўства.

1992 — памёр Валянцін Ждановіч, журналіст і фотамастак

Амаль усё жыцьцё ён, адукаваны, дасьведчаны ў гісторыі патомны беларускамоўны мянчук з надзіва цёплай утульнай аўрай, працаваў фотакарэспандэнтам часопісу «Маладосць». Мноства зробленых ім здымкаў увайшлі ў энцыкляпэдыі й альбомы, зрабіліся клясыкай беларускага фотамастацтва. Ждановіч адным зь першых у Беларусі пачаў займацца фатаграфікай. Падзеяй стаў тады ягоны альбом «Бераг белых буслоў».

Ён вельмі цяжка перажываў сьмерць Караткевіча, заўсёды кажучы пра долю сваёй віны, хоць ініцыятарам той іх трагічнай вандроўкі быў сам пісьменьнік. Аднойчы мы доўга гаварылі пра гэта ў Валянцінавай маладосьцеўскай фотамайстэрні.

Майстэрня была ягоным другім домам. Там ён і разьвітаўся з жыцьцём. Не выключаю, што гэта быў абдуманы крок, бо неяк у размове Валянцін працытаваў Сэнэку: «Дзьверы адчыненыя, можаш пайсьці».

Дачка Валерыя лічыць, што бацька проста стаміўся ад тагачаснай незапатрабаванасьці й безграшоўя. Але калегі не выключаюць і іншых вэрсіяў, зьвязаных з тым, што Ждановіч ня толькі таленавіта фатаграфаваў, але часам браўся за складаныя журналісцкія расьсьледаваньні. Да прыкладу, даказаў, што адзін прыгрэты ўладамі народны мастак ствараў свае «шэдэўры», займаючыся плягіятам.

Валянцін, маючы потым непрыемнасьці, здолеў зьняць памятнае Гуканьне вясны ў сталічным Траецкім прадмесьці ў 1986 годзе, калі на навучэнцаў Менскай мастацкай вучэльні і школы-інтэрнату імя І. Ахрэмчыка напалі нацкаваныя гаркамам камсамолу і КГБ вэтэраны аўганскай вайны.

Незадоўга да сыходу Валянцін, які меў і бясспрэчныя літаратурныя здольнасьці, напісаў прысьвечанае Караткевічу бліскучае эсэ «Белы човен».

Ён быў ПАДАРОЖНІК.
Ён валодаў талентам падарожжа...
Бывала— колькі бывала!— вецер дзьмуў супраціўны, зрываліся ветразі, ламаліся вёслы, лодку шпурляла на камяні. Бывала, ён радаваўся чэрстваму хлебу, а часам хлеб здараўся горкі...

Валянцін Ждановіч і сам быў Падарожнікам і зьдзейсьніў сваю жыцьцёвую вандроўку таленавіта і годна.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 392–393.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG