Былы старшыня Віцебскага гарвыканкаму Вадзім Заранкін стаў дырэктарам хімчысткі — ААТ «Абʼяднаньне „Лотас“», — паведамілі «Народныя навіны Віцебску».
Мяркуючы па запісах у рэестры, Заранкіна прызначылі на новую пасаду 1 красавіка, праз два месяцы пасьля звальненьня зь Віцебскага гарвыканкаму. Абʼяднаньне падпарадкоўваецца галоўнаму ўпраўленьню гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму.
Вадзім Заранкін быў кіраўніком Віцебскага гарвыканкаму роўна год. Раней ён узначальваў абласны Камітэт дзяржкантролю.
Вадзім Заранкін мае двух сыноў: Вадзімір і Філіп. Абодвух затрымлівалі ў Менску пасьля выбараў, Філіпа — у верасьні, Вадзіміра — у кастрычніку. Абодвух суд пакараў арыштам, хоць яны казалі, што ў пратэстах ня ўдзельнічалі.