Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскай вобласьці разгляд крымінальнай справы супраць паплечніка Бабарыкі перавялі ў закрыты рэжым


Уладзімер Дудараў, архіўнае фота
Уладзімер Дудараў, архіўнае фота

У судзе кажуць, што гэта зроблена «ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй».

Судовы працэс над былым намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімерам Дударавым, які падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, працягваецца без прысутнасьці публікі.

У судзе Чавускага раёну, дзе разглядаюць крымінальную справу, карэспандэнту БелаПАН паведамілі, што такое рашэньне прынятае старшынёй суду ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй. На судовае пасяджэньне журналіста не пусьцілі.

Крымінальную справу разглядае старшыня Чавускага раённага суду Алена Каралько. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляе супрацоўнік Чавускай пракуратуры Сяргей Снытчанка. Працэс пачаўся 19 красавіка. Цяпер суд дапытвае сьведкаў.

У чым вінавацяць Дударава

Уладзімера Дударава, якога праваабаронцы прызналі палітвязьнем, судзяць за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі (ч.3 арт 426 КК) і махлярства (ч.4 арт.209 КК). Паводле сьледзтва, ён нанёс шкоду грамадзкім і дзяржаўным інтарэсам на 43 669 рублёў. Эпізоды правапарушэньняў, паводле сьледзтва, ахопліваюць 2006–2017 гады. Ад 11 чэрвеня 2020 году яго трымаюць у Магілёўскай турме № 4.

Як вынікае з матэрыялаў справы, Дудараў, займаючы пасаду старшыні жыльлёва-будаўнічага каапэратыву «Цэнтар Дом», карыстаючыся пераважным правам у выбары кватэры ў адным з новых шматпавярховых дамоў, выбраў сабе жытло на апошнім паверсе. Бяз згоды чальцоў каапэратыву і ў парушэньне ягонага статуту зьвярнуўся ў праектную арганізацыю, каб тая павялічыла вышыню тэхнічнага паверху. У далейшым ён незаконна набыў памяшканьне тэхнічнага паверху, злучыў зь ім сваю кватэру ды пераабсталяваў яго пад жыльлё. Акрамя таго, Дударава вінавацяць, што ён, кіруючы аддзелам будаўніцтва гарвыканкаму, незаконна ўзьвёў для свайго бацькі дом у прыродаахоўнай зоне ракі Дубравенкі. Калі ж парушэньне выявілася, то, быўшы ўжо намесьнікам старшыні гарвыканкаму, «выкарыстоўваючы паўнамоцтвы службовай асобы», перашкодзіў распачаць супраць бацькі адміністрацыйны працэс за самавольнае будаўніцтва.

Пазыцыя падсуднага

Уладзімер Дудараў вінаватым сябе ня лічыць. На судовым працэсе крымінальную справу назваў «непаразуменьнем». Ён ня стаў, аднак, «рабіць высновы», у сувязі з чым яна была распачатая, ды выказаў спадзеў, што суд разьбярэцца з гэтым.

Паводле падсуднага, да затрыманьня пракуратура праводзіла «мноства праверак», ці законна ён завалодаў памяшканьнем тэхнічнага паверху, і выносіліся пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальных спраў — у сувязі з адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях учынкаў, якія падлягаюць крымінальнай кары.

Суд не задаволіў хадайніцтва адваката Яўгена Багуслаўскага аб зьмяненьні меры стрыманьня для Дударава на хатні арышт ці на парукі. Неабходнасьць такой меры была патлумачаная хранічнымі хваробамі ў падсуднага, якія ў зьняволеньні абвастрыліся.

Старшынём жыльлёва-будаўнічага каапэратыву, створанага для паляпшэньня жыльлёвых умоваў чальцоў, Уладзімера Дударава абралі ў 2006 годзе. Тады ён працаваў вядучым спэцыялістам агульнага аддзелу Магілёўскага аблвыканкаму. Кіраваў таварыствам да канца 2008-га і сышоў у сувязі з загружанасьцю асноўнай сваёй працаю. Дом, у якім Дудараў атрымаў кватэру, здалі ў 2010 годзе.

У 2008–2010 гадах працаваў галоўным спэцыялістам у апараце Магілёўскага гарсавету. Затым кіраўніком аддзелу будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму. Зь верасьня 2018 да жніўня 2019 году быў намесьнікам старшыні гарвыканкаму, займаўся пытаньнямі будаўніцтва і ЖКГ.

На момант затрыманьня працаваў намесьнікам дырэктара акцыянэрнага таварыства «Домабудаваньне» і быў абласным каардынатарам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

Пад крымінальным перасьледам 43-гадовы Ўладзімер Дудараў ня першы з магілёўскіх сяброў ініцыятыўнай групы Бабарыкі. У чэрвені 2020 году затрымалі кіраўніка Магілёўскай абласной дырэкцыі Белгазпрамбанку Сяргея Кармызава. 26 лютага 2021 году Кастрычніцкі суд Магілёва прысудзіў яму тры гады калёніі агульнага рэжыму за перавышэньне службовых паўнамоцтваў з нанясеньнем шкоды ў буйным памеры. Кармызаў, паводле сьледзтва, незаконна выдаў крэдыт на 75 тысяч рублёў. Журналістаў незалежных мэдыя на працэс не пускалі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG