«Хімія» за пратэсты ў першую ноч пасьля выбараў
Суд Фрунзэнскага раёну Менску вынес прысуд 21-гадоваму Ільлю Гагіеву, якога прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Яго асудзілі да 3 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову — так званую «хімію». Менавіта такое пакараньне запрошвала пракурор. Гагіева вызвалілі з-пад варты ў залі суду, піша «Вясна».
Пазоў «Менсктрансу» больш чым на 20 тысяч рублёў вылучылі ў асобную грамадзянскую вытворчасьць. Справу разглядала судзьдзя Юлія Блізьнюк, дзяржабвінавачаньне прадстаўляла Аліна Касьянчык. У справе не было пацярпелых і сьведак.
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што з 16 гадзін 9 жніўня да 3.10 наступнага дня ў 2020 годзе ён знаходзіўся на праезнай частцы праспэкту Пераможцаў у Менску «ў мэтах выкананьня заклікаў да актыўнага ўдзелу ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, разьмешчаных у глябальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт». Паводле абвінавачаньня, ён ведаў, што масавае мерапрыемства праводзіцца без падачы заявы аб яго правядзеньні.
Яго дзеяньні, паводле матэрыялаў крымінальнай справы, пацягнулі за сабой «парушэньне працы транспарту і нармальнага функцыянаваньня прадпрыемства».
Але згодна з дадзенымі мабільнага апэратара, ён знаходзіўся ў месцы здарэньня ня ў той час, які пазначаны ў абвінавачаньні. Сам Ільля дакладна ня памятаў часу. Аналягічныя дзеяньні, паводле сілавікоў, абвінавачаны паўтарыў з 10 на 11 жніўня, «рухаўся па праезнай частцы дарогі, у тым ліку ў счэпцы локцямі, групавым скрыжаваньні рук локцямі».
Ільля Гагіеў адзначыў, што віну ў цэлым прызнае, а памер пазову прызнаў часткова. Мужчыну затрымалі 11 сакавіка.
Вырак за слова «ўзурпатар» у кнізе скаргаў
У Баранавічах асудзілі 47-гадовага Вячаслава Кульбу паводле абвінавачаньня ў «публічнай абразе прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК) на 2 гады «хатняй хіміі». Судзьдзя — Юльяна Шчэрба, дзяржаўнае абвінавачаньне — Картыш.
20 лістапада Кульба на аўтазаправачнай станцыі ў стане алькагольнага ап’яненьнгя напісаў у кнігу скаргаў: «Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі». Зробленая неўзабаве судова-лінгвістычная экспэртыза прыраўняла гэты выраз да абразы. Вячаслаў Кульба сваю віну прызнаў цалкам.
«Хімія» за зьнявагу чырвона-зялёнага сьцяга
21-гадовы Вячаслаў Уласевіч пачуў прысуд па арт. 370 Крымінальнага кодэксу — 1 год «хіміі». Суд таксама абавязаў спагнаць з Уласевіча працэсуальныя выдаткі ў суме 8 капеек.
Справу разглядала судзьдзя Раманюк, абвінавачаньне прадстаўляла Сьвятлана Пасемка.
Уласевіча прызналі вінаватым у тым, што 3 красавіка 2021 году ён у стане алькагольнага ап’яненьня зьняў сьцяг з будынку па вуліцы Леніна ў Баранавічах, пранёс на некаторую адлегласьць і кінуў на зямлю, з-за чаго тронак зламаўся на тры часткі і пашкодзіў палатніну: шкоду ў памеры 2 рублёў 44 капеек абвінавачаны кампэнсаваў цалкам.
Каля 16 гадзін таго дня Уласевічу патэлефанавалі міліцыянты, ён прыехаў і напісаў яўку з павіннай, якую, зрэшты, на судзе не палічылі прычынай зьменшыць пакараньне, бо яе Ўласевіч напісаў пасьля пачатку крымінальнай справы супраць яго. У судзе Вячаслаў таксама прызнаў віну.