Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня гісторыка Юрыя Туронка


Юры Туронак
Юры Туронак

Падзеі 27 красавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

27 красавіка 1929 году ў Вільні нарадзіўся Юры Туронак, гісторык, удзельнік беларускага культурніцкага руху 1950–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст. у Польшчы.

Ягоная кніга «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», выдадзеная ў 1993-м па-беларуску 5-тысячным накладам, стала сапраўднай сэнсацыяй і бэстсэлерам.

Падзеі Другой усясьветнай вайны на нашай зямлі паўставалі перад чытачамі не ў даўно абрыдлай чорна-белай гаме, а ў самых розных барвах. Вядома, пераважна ў драматычных і трагічных, але часам і ў трагікамічных. (Памятаеце пачатак фільму «Акупацыя. Містэрыі», калі паліцай натхнёна сьпявае «Широка страна моя родная»? Думаю, і аўтар сцэнару Аляксандар Качан, і рэжысэр Андрэй Кудзіненка ня раз зазіралі ў дасьледаваньне Туронка.)

Пад немцамі, як выявілася, працягвалася беларускае жыцьцё: працавалі школы, выходзілі падручнікі і мастацкія кнігі, дзейнічаў тэатар. Туронак абгрунтавана паставіў пад сумнеў савецкія міты пра забойства падпольшчыкамі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ і менскага бургамістра Вацлава Іваноўскага. На той час пяру спадара Юрыя ўжо належала выдадзеная манаграфія «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі».

Бацька Юрыя, лекар Браніслаў Туронак, быў вядомым дзеячам заходнебеларускага нацыянальнага руху, але рана памёр. Маці вярнулася з сынамі ў родныя мясьціны на Беласточчыну, якую Сталін па вайне перадаў «польскім таварышам». Так будучы гісторык (дарэчы, паводле адукацыі і першай прафэсіі экспэрт-хімік) апынуўся ў Польшчы, але заўжды адчуваў сябе беларусам.

Літаратар і журналіст Ян Максімюк, згадваючы сваё варшаўскае студэнцтва, піша, наколькі важнай была асоба Туронка для беларускай моладзі: «Ён не хаваў антыпатыі ні да камуністычных парадкаў, ні да функцыянэраў афіцыйнага Беларускага грамадзкакультурнага таварыства (БГКТ) і зь вялікай радасьцю ўспрыняў нашую спробу ўвесну вірлівага 1981 году вырвацца з-пад апекі польскіх спэцслужбаў і заснаваць незалежнае Беларускае аб’яднаньне студэнтаў».

Туронак — іхні настаўнік беларускасьці. Гэта ад яго хлопцы і дзяўчаты, учорашнія «дзеці безнацыянальнага сялянства», даведваліся пра Пагоню, бел-чырвона-белы сьцяг і БНР. Пры канцы 1980-х гадоў спадар Юры ачоліў паўлегальны Беларускі клюб, чыёй мэтаю было «асэнсаваньне палітычных абставін нашага далейшага існаваньня як нацыянальнай меншасьці».

Клюб здолеў апярэдзіць камуністаў з БГКТ і выставіў сваіх кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах 1989-га, калі Польшча стаяла на парозе велізарных пераменаў. Празь некалькі месяцаў Клюб пераўтварыўся ў палітычную партыю — Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне. Тыя, хто добра ведаў Туронка, лічаць, што якраз у тую пару ён адчуў сябе на адпаведным месцы.

Беларусы Польшчы атрымалі тады гістарычны шанец і, выкарыстаўшы яго, уступілі ў польскую палітыку. А беларусы ўсяго сьвету атрымалі выдатнага гісторыка.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 732-733.

Летапісцы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:19:30 0:00
Наўпроставы лінк

Таксама ў гэты дзень

1706 — швэдзкае войска на чале з каралём Карлам ХІІ штурмавала Мірскі замак, пасьля чаго крэпасьць была спаленая.

1906 — адбылося першае паседжаньне Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі.

1919 — польскія войскі занялі Горадню, дзе знаходзіўся ўрад Беларускае Народнае Рэспублікі і беларускае войска.

1945 — БССР прынятая ў склад дзяржаваў-заснавальніц ААН.

1996 — у Менску адбываюцца масавыя арышты ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху», які прайшоў напярэдадні.

Чарнобыльскі шлях у Менску, 1996
Чарнобыльскі шлях у Менску, 1996

2011 — у Менску праходзілі суды над удзельнікамі «масавых непарадкаў» на Плошчы-2010, Зьмітра Бандарэнку асудзілі да 2 гадоў калёніі.

Зьміцер Бандарэнка ў судзе, красавік 2011
Зьміцер Бандарэнка ў судзе, красавік 2011

У гэты дзень нарадзіліся

782 — Нікалё Паганіні, італьянскі скрыпач і гітарыст-віртуоз, кампазытар.

1791 — Самуэль Морзэ, амэрыканскі мастак і вынаходнік.

1878 — Станіслаў Любіч-Маеўскі, беларускі грамадзкі і культурны дзеяч, пэдагог.

У памяці

1584 — Мікалай Радзівіл «Руды», дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

1967 — Мікола Алексютовіч, беларускі філёзаф.

1998 — Вітаўт Тумаш, гісторык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1930-х у Заходняй Беларусі, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША.

На эміграцыі Тумаш стаў адным з стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, рэдагаваў ягонае выданьне «Запісы» й газэту «Беларус». Усясьветную славу сярод беларусазнаўцаў прынесьлі Вітаўту Тумашу дасьледаваньні жыцьця й дзейнасьці Францішка Скарыны.

Аднак у БССР ягоныя бліскучыя, часам сэнсацыйныя працы (яны друкаваліся пад псэўданімам Сымон Брага) дзесяцігодзьдзямі вывучалі пераважна скарыназнаўцы з Камітэту дзяржбясьпекі.

Нават уляўраныя служкі Кліё толькі рызыкоўнымі неафіцыйнымі шляхамі маглі атрымаць такія найцікавейшыя Тумашавы публікацыі, як «Скарына ў Падуі» або «Кнігі Скарыны на захадзе Эўропы ў пару ягоную і сяньня».

Вянцом саракагадовай працы стаўся выдадзены ў ЗША найгрунтоўнейшы даведнік «Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны. ХVІ— ХХ», што налічвае больш за 2500 пазыцыяў і ёсьць найкаштоўнейшым дапаможнікам для айчынных скарыназнаўцаў.

Уладзімер Арлоў,«Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 450-451.

Збаўцы ў белых халатах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:56 0:00
Наўпроставы лінк

2002 — Міхаіл Пташук, кінарэжысэр, народны артыст Беларусі (загінуў у аўтакатастрофе).

2006 — Міхал Вітушка, вайсковы дзеяч, палітык, кіраўнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1944— 1950-х.

Выхаванец Віленскай беларускай гімназіі, Праскай і Варшаўскай палітэхнікі, у гады вайны ён ствараў Беларускую службу парадку на Магілеўшчыне, Смаленшчыне й Браншчыне. Сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі і ўдзельнік Другога Ўсебеларускага зьезду, Вітушка быў сярод арганізатараў плянаванага, як мяркуюць некаторыя гісторыкі, антынямецкага паўстаньня з мэтаю абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да канца пяцідзясятых гадоў Міхал Вітушка, якога афіцыйна абвясьцілі забітым яшчэ ў 1945-м, ачольваў беларускі збройны Супраціў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 564-565.

2017 — Міхась Паўлаў, мэдык, краязнаўца і выдавец, праваабаронца, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Міхась Паўлаў
Міхась Паўлаў

Міхась быў у авангардзе барацьбы супроць будаўніцтва Віцебскай АЭС, калі ўдалося сабраць дзясяткі тысяч подпісаў нязгодных і спыніць (цяпер гэта выглядае дзівам) выкананьне зацьверджанай ужо пастановы Саўміну СССР.

Паўлаў ствараў у Віцебску першыя суполкі БНФ і кіраваў яго абласной філіяй, ачольваў абласное аддзяленьне праваабарончага цэнтру «Вясна», адраджаў грэка-каталіцкую парафію. Яго ведалі як дасьведчанага краязнаўца, аўтара і выдаўца брашураў з сэрыі «Таямніцы віцебскай гісторыі». Мелі посьпех і выпусканыя ім планкеткі з архітэктурнымі помнікамі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.704-705.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG