Дзень у гісторыі
1586 — Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права і герб.
1794 — утварылася Найвышэйшая літоўская рада — рэвалюцыйны ўрад ВКЛ падчас паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Раду ўзначаліў Якуб Ясінскі.
1917 — спэктаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «Ў зімовы вечар» Элізы Ажэшкі ў Менску адкрылася Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі.
1985 — савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў упершыню абвясьціў пра пачатак перабудовы — праграму палітычных і эканамічных рэформаў у СССР.
2007 — утвораны беларускамоўны канал спадарожнікавага тэлебачаньня «Белсат».
У гэты дзень нарадзіліся
1564 — Уільям Шэксьпір, ангельскі драматург і паэт. Памёр Шэксьпір таксама 23 красавіка ў 1616 годзе.
1886 — Зьмітрок Бядуля, беларускі пісьменьнік.
1891 — Сяргей Пракоф’еў, расейскі кампазытар.
1904 — Паўлюк Трус, беларускі паэт.
1934 — Уладзімер Конан, беларускі філёзаф, гісторык, літаратурны крытык.
Некалькі гадоў мы жылі з спадаром Уладзімерам у суседніх дварах менскай Серабранкі. Зрэдку сустракаліся на вечаровых прагулянках, і да нас далучалася «дама» — прыручаная ім (небывалая рэч!) гарадзкая куніца-беладушка, што гаспадарыла ў сутарэньнях ягонага дому.
Побач зь ім я зазвычай адчуваў лёгкую вусьціш: маім суразмоўцам быў чалавек фантастычных ведаў і фантастычнага складу розуму.
Сілаю сваёй заўсёды маладой думкі ён уздымаўся зь серабранкаўскай кватэры ў касьмічныя вышыні, вызначаючы адтуль месца Беларусі ў сусьветнай культуры, ды мужна зазіраў у будучыню.
У той прадзьмутай усімі вятрамі аднапакаёўцы на ягоным апошнім паверсе самага высокага серабранкаўскага шматпавярховіка пад сьціплую вячэру ды кілішак зусім зямнога напою — айчыннага джыну «Ведрыч» з даўніх і, трэба сказаць, паважных прафэсарскіх запасаў — мне была прачытаная не адна лекцыя зь філязофіі, літаратуразнаўства, гісторыі. Ён не баяўся чапаць даўно, здавалася б, кананізаваных аўтарытэтаў. «Сымон Будны? Не прымаў ні хрысьціянскага мастацтва, ні народных карнавалаў, музыкі, сьпеваў».
Калі гаспадар замаўкаў, я мэтафізычна і фізычна адчуваў, што над намі — толькі неба. Вяртаючыся дадому, пракручваў у памяці пачутае, доўга шпацыраваў па набярэжнай нашага каналу — натхняўся, рыхтаваўся да бяссоннай ночы за пісьмовым сталом.
Бывала — сустракаў у двары іншага суседа, сяржанта спэцназу, які неяк пахваліўся, што заробак у яго большы, чым у гэтага дзівака-прафэсара.
На той час Конан працаваў загадчыкам аддзелу ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Скарыны. Там сабралася сузор’е бліскучых дасьледнікаў, што ўрэшце, у новай палітычнай сытуацыі другой паловы 1990-х, і прадвызначыла лёс асяродку.
Скарынаўскі цэнтар быў зьнішчаны, хоць у іншых умовах мог бы ператварыцца ў Інстытут Беларусі з сваімі прадстаўніцтвамі ў іншых краінах — накшталт добра вядомых нам Польскага інстытуту альбо Інстытуту Гётэ.
Конан, які лічыў, што «даўнія прыкметы беларускай нацыянальнай культуры — гераізм і трагічнасьць», так і ня стаў ні акадэмікам, ні членам-карэспандэнтам.
Але я ўяўляю, колькі гэтых самых членаў пякуча зайздросьцілі ягоным шматлікім манаграфіям, тысячам энцыкляпэдычных артыкулаў, доказным і дасьціпным рэцэнзіям у пэрыёдыцы. А яшчэ — адважным публічным выступам, падчас аднаго зь якіх з акадэмічнай трыбуны ён прамовіў: «Манголы рабавалі кішэні, а расейцы рабуюць душы».
Вазьміце ў рукі выдадзеную яшчэ ў 1976-м кніжку Ўладзімера Конана пра выбітнага літаратурнага крытыка Адама Бабарэку.
У разьвітальным слове пасьля канчатковага сыходу вучонага ў захмарныя вышыні малодшы калега філёзаф Валянцін Акудовіч сказаў, што, прачытаўшы менавіта тую кніжыцу, ён яшчэ за савецкай уладай зразумеў: «Няма іншага часу, акрамя таго, які выбіраеш для сябе сам. І Конан, беларускі Дон Кіхот, абраў сабе час духу, у якім застанецца навечна».
Ён сапраўды там, у беларускай Вечнасьці.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.
1940 — Віктар Казько, беларускі пісьменьнік.
У памяці
1616 — Мігель Сэрвантэс, гішпанскі пісьменьнік
1923 — Ігнат Канчэўскі (псэўд. Ігнат Абдзіраловіч), паэт, філёзаф, публіцыст.
1991 — Дзьмітры Касмовіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, выдавец.
2004 — Алесь Пісьмянкоў, беларускі паэт.
2007 — Барыс Ельцын, прэзыдэнт Расеі.