Дзень у гісторыі
1557 — Жыгімонт Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі», пачатак правядзеньня зямельнай рэформы ў ВКЛ.
1579 — заснаваны Віленскі ўнівэрсытэт.
1778 — бізнэсовец Олівэр Полак прыдумаў знак даляра — $.
1939 — паразай рэспубліканцаў скончылася грамадзянская вайна ў Гішпаніі.
1946 — У Ватэнштэце (Нямеччына) выйшаў першы нумар часопіса «Шляхам жыцьця», рэдактарам якога быў Хведар Ільяшэвіч.
1948 — Савецкі Саюз пачаў наземную блякаду Заходняга Бэрліну.
1976 — Стыў Джобс, Стыў Возьняк і Роналд Ўэйн заснавалі кампанію Apple Inc.
1992 — пачалася Басьнійская вайна.
2001 — у Бялградзе арыштаваны былы кіраўнік Югаславіі Слабадан Мілошавіч.
2004 — кампанія Google запусьціла свой паштовы сэрвіс Gmail.
2009 — Альбанія і Харватыя далучыліся да НАТО.
У гэты дзень нарадзіліся
1809 — Мікалай Гогаль, расейскі пісьменьнік.
1815 — Ота фон Бісмарк, канцлер Нямеччыны.
1873 — Сяргей Рахманінаў, расейскі кампазытар, піяніст і дырыжор.
1877 — Васіль Захарка, старшыня Рады БНР на эміграцыі ў 1928–1943 гадах.
У кастрычніку 1925 году ў Бэрліне адбывалася Другая Ўсебеларуская палітычная канфэрэнцыя. На парадку дня стаяла пытаньне аб прызнаньні савецкай Беларусі сувэрэннай дзяржавай, што непазьбежна прывяло б да ліквідацыі эміграцыйнага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Супраць прызнаньня БССР рэзка выказаўся міністар фінансаў Васіль Захарка. Ён заявіў, што працягвае стаяць на грунце Акту 25 сакавіка 1918 году (адным з аўтараў якога, дарэчы, быў). Дзякуючы цьвёрдасьці Захаркі БНР не спыніла існаваньня.
Два свае апошнія дзесяцігодзьдзі Васiль Захарка пражыў у Празе.
Захарка кіраваў праскім таварыствам «Беларуская Рада», зьбіраў архіў БНР, выкарыстоўваў любую нагоду для зваротаў у Лігу Нацыяў і дыпляматычныя прадстаўніцтвы, каб паведаміць чалавецтву пра зьдзекі і злачынствы, што чыніла ў Беларусі бальшавіцкая ўлада.
У 1928 годзе, пасьля скону Пётры Крачэўскага, Захарка заняў пасаду старшыні Рады БНР ды заставаўся ім да сакавіка 1943-га. Тады, ужо на Божай пасьцелі, ён паводле тэстамэнту здаў паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку.
Гестапа забараніла выступаць над магілай Захаркі з прамовамі. Калі, нягледзячы на гэта, Абрамчык сказаў разьвітальнае слова, прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі загадаў засыпаць дамавіну. Самлелую ў той момант Ларысу Геніюш выносілі з кладоў на руках сьпявак Міхал Забэйда-Суміцкі і былы слуцкі паўстанец Васіль Русак.
Магілу другога прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі вы знойдзеце на праскіх Альшанскіх могілках паблізу апошняга зямнога прыстанку першага прэзыдэнта — Пётры Крачэўскага.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне
1901 — Сяргей Пясецкі, беларускі пісьменьнік.
1929 — Мілан Кундэра, чэскі пісьменьнік.
1940 — Уладзімер Басалыга, беларускі графік.
1947 — Алесь Жук, беларускі пісьменьнік.
1956 — Сяргей Антончык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га скліканьня, адзін зь лідэраў рабочага руху.
У памяці
1943 — памёр Антон Неманцэвіч, беларускі каталіцкі сьвятар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзеяч, выдавец, пэдагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага ўніяцкага руху ў Заходняй Беларусі.
1940 — памёр Язэп Лёсік, беларускі мовазнаўца, публіцыст, палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР
Даводзілася чуць аповед, як аднойчы ў 1920-я на ягонай лекцыі ў БДУ, прысьвечанай асаблівасьцям беларускай мовы, нейкая камсамолка прыслала Язэпу Лёсіку пытаньне, чаму ён так мала ўвагі надае падабенству паміж беларускай і расейскай мовамі.
Спадар Язэп зьняў акуляры і, бліснуўшы вачыма, зь зьнішчальнай іроніяй адказаў: «Мы вывучаем не падабенствы, а саму нашу мову. Жывем жа мы ў Беларусі, а не на нейкім Марсе».
Сучасьнікі згадваюць, што нават напярэдадні 1930‑х гадоў ніхто, зьвяртаючыся да яго, не наважваўся казаць «таварыш Лёсік». Для ўсіх ён быў «дзядзькам Лёсікам», чалавекам, які прайшоў найцяжэйшую школу змаганьня за нацыянальную справу.
Зямляк і блізкі сваяк Якуба Коласа, ён бярэ ўлетку 1906 году ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе ў Вільні й, ужо знаходзячыся пад перасьледам паліцыі, робіцца ініцыятарам другога, больш вядомага зьезду, што неўзабаве адбыўся ў іхняй з Коласам роднай Мікалаеўшчыне.
Трапіўшы на высылку ў Сібір, Лёсік пасябраваў там зь іншым «палітычным» — паэтам Алесем Гаруном.
Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ў Расеі Язэп становіцца ўдзельнікам Першага Ўсебеларускага зьезду, адным з стваральнікаў БНР ды ў 1918–1919 гадах кіруе яе Радай.
Выдадзеную ім у 1922-м «Практычную граматыку беларускае мовы» бальшавіцкая прэса характарызуе як «контрарэвалюцыйную прапаганду».
З-пад арышту яго вызваляе тагачасны наркам асьветы Ўсевалад Ігнатоўскі.
У пэрыяд беларусізацыі Язэп Лёсік быў у рэспубліцы самым знаным мовазнаўцам: выступаў з асноўнымі дакладамі на міжнароднай Акадэмічнай правапіснай канфэрэнцыі 1926 году, кіраваў Тэрміналягічнай
камісіяй.
Калі ў 1930-м разам з «шырокім сацыялістычным наступам на ўсім фронце» пачалася расправа зь беларускім нацыянальным рухам, акадэміка Лёсіка ўзялі адным зь першых.
Паўторны арышт у 1938-м прывёў ужо не да высылкі, а да пяцігадовага лягернага тэрміну.
Ягоную жонку Ванду Лявіцкую аднаго дня выклікалі ў НКВД і перадалі мужаву вопратку, паведаміўшы, што той памёр ад сухотаў.
Празь пяцьдзясят гадоў студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту таксама, як і згаданая камсамолка, спрачаліся з выкладчыкамі. Праўда, мы ўжо спрабавалі бараніць Беларусь і пачыналі, рызыкуючы зьнізіць сабе адзнакі, адказваць па-беларуску на заліках і экзамэнах.
Імя Лёсіка было яшчэ забароненае і не вядомае нам, але ідэю, якой ён служыў, не ўдалося зьнішчыць.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.