Дата дня
20 сакавіка 1896 году нарадзіўся Мойшэ Кульбак, беларускі габрэйскі пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
Беларусь, чыё габрэйскае насельніцтва на пачатку ХХ стагодзьдзя складала больш за мільён чалавек, або да 15 адсоткаў агульнай колькасьці жыхароў, дало культуры гэтага народу і культуры сусьветнай цэлае сузор’е выбітных асобаў. Віцебск і мястэчка Сьмілавічы пад Менскам — месцы нараджэньня мастакоў Марка Шагала і Хаіма Суціна. У Капылі прыйшоў на сьвет клясык габрэйскай літаратуры
Мэндэле Мойхер-Сфорым. Беларускім клясыкам стаў Зьмітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік). Сьпіс можна доўжыць і доўжыць.
У савецкай Беларусі габрэйская мова (ідыш) у 1924 годзе — разам зь беларускай, польскай і расейскай — стала адной з чатырох дзяржаўных. У рэспубліцы дзейнічалі габрэйскія школы, тэатар, на ідышы выходзілі газэты і часопісы. Выглядае, што якраз такая культурная сытуацыя сталася галоўнай прычынаю пераезду Кульбака ў 1928-м зь Вільні ў Менск.
На той момант ён ужо быў ня проста папулярны пісьменьнік, які пісаў на ідышы (першы ж надрукаваны верш Мойшэ «Штэрндл» («Зорачка») зрабіўся народнай песьняй), але і старшынём Усясьветнага габрэйскага ПЭНклюбу. Творы Кульбака вылучаліся пошукам новых формаў, выразным уплывам заходнеэўрапейскай
літаратуры і філязофіі, а ўадначас іх афарбоўвалі габрэйскі містыцызм і непаўторны фальклёр. (Перачытайце ягоную выдадзеную да 120-годзьдзя кнігу
вершаў «Eybik» («Вечна»).)
Кульбак працаваў у габрэйскім сэктары Акадэміі навук, у часопісе «Штэрн» шмат перакладаў зь беларускай. Блізкае знаёмства зьвязвала яго зь Янкам Купалам, Якубам Коласам і Кузьмой Чорным. Іх часта бачылі разам на канапе ў Доме пісьменьніка. Мойшэ быў дасьціпным апавядальнікам зь нязводнай
«сьмяшынкай-залацінкай». З Чорным ён размаўляў на ідышы, які той ведаў ад жонкі.
У Менску Мойшэ стварыў адзін з найлепшых сваіх твораў — раман «Зэльманцы», сапраўдную Атлянтыду габрэйскага жыцьця, паказанага праз гісторыю старасьвецкага менскага двара на Ляхаўцы, дзесьці каля цяперашняй фабрыкі «Камунарка». (Там было б добрае месца для помніка Кульбаку.) У наш час пераклад «Зэльманцаў», зроблены Віталём Вольскім, перавыдадзены ў сэрыі «Мая беларуская кніга». Па-беларуску дзякуючы Сяргею Шупу прагучаў
і знакаміты, напісаны яшчэ ў Вільні раман «Панядзелак» — «мэлянхалічны, вар’яцкі, тонкі, іранічны» (Альгерд Бахарэвіч), а затым і раман-містэрыя «Мэсія
з роду Эфраіма».
А ў нетрах НКВД чакала свайго часу складзеная ў 1934-м даведка: «Прибыл нелегально из Польши, где состоял заместителем председателя национал-фашистской еврейской организации»…
У 1937-м імя Кульбака занесьлі ў расстрэльны сьпіс, які сталінскія каты «полностью закрыли, приведя приговор в исполнение», у страшную ноч 29 кастрычніка. У сьпісе быў і паэт Ізі Харык, што таксама пісаў на ідышы. Можа, на адвітаньне з гэтым сьветам Мойшэ й Ізі засьпявалі разам «Зорачку»?
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 164–165.
Таксама ў гэты дзень
1767 — стварэньне Слуцкай канфэдэрацыі.
1815 — Напалеон, які вярнуўся са ссылкі на востраў Эльбу, са сваім войскам уваходзіць у Парыж. Пачатак «ста дзён».
1854 — у ЗША заснаваная Рэспубліканская партыя.
1919 — урад БНР выехаў з Горадні ў Бэрлін.
1933 — у Дахаў, у Нямеччыне, пачаў функцыянаваць першы нацысцкі канцэнтрацыйны лягер.
1988 — у Менску адбыўся мітынг у абарону гістарычнага Верхняга гораду, супраць будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга» на месцы Менскага замчышча.
1995 — экстрэмісцкая сэкта «Аум Сінрыкё» арганізавала газавую атаку ў такійскім мэтро. У выніку пяці скаардынаваных нападаў загінулі 13 чалавек і пацярпелі каля 6 тысячаў.
2019 — Касым-Жамарт Такаеў стаў другім прэзыдэнтам Казахстану.
У гэты дзень нарадзіліся
43 да н. э. — Публій Авідый Назон, рымскі паэт.
1828 — Генрык Ібсэн, нарвэскі драматург.
1862 — Адам Багдановіч, беларускі этнограф, фальклярыст, гісторык, бацька паэта Максіма Багдановіча.
1952 — Алесь Емяльянаў, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.
Праз тыдзень пасьля векапомных Дзядоў «Звязда» разам зь іншымі афіцыйнымі выданьнямі зьмясьціла нататку пад назваю «Прыйшла ў рэдакцыю лістоўка». Галоўным у публікацыі быў не камэнтар, а сама інфармацыя пра тое, што рэгістрацыя створаных на месцы працы ці жыхарства групaў падтрымкі БНФ адбываецца па адрасе: Менск, вул. Фрунзэ, 5, Саюз пісьменьнікаў, Алесь Емяльянаў.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 550–551
1977 — Вадзім Дзевятоўскі, беларускі кідальнік молата.
У памяці
1922 — Алесь Бурбіс, беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч.
1976 - Уладзімер Дубоўка, беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, вязень Гулагу.
Масква сусьвету вушы прашумела
Пра самавызначэньне аж да зор.
Смаленск дзе? Невель? Гомель дзе падзела?
Стварыла Гомельскі ганебны калідор.
Мы цацкай нейкай для чужынцаў сталі,
Пасьмешышчам для сьвету усяго.
Як быццам мала ў нашай волі сталі,
Як быццам ў сэрцах нашых згас агонь...
Пад гэтым амаль набатным вершам, напісаным у сярэдзіне 1920-х (калі Гомель яшчэ ня быў у выніку намаганьняў нашых нацыянал-камуністаў вернуты ў склад БССР), стаяў подпіс: Янка Крывічанін. Чэкісты не адразу высьветлілі сапраўднае імя аўтара, але ўрэшце супадзеньне шрыфту на тэксьце і друкавальнай машынцы ў Прадстаўніцтве Беларускай ССР у Маскве не пакінула сумневаў: верш напісаны супрацоўнікам гэтай установы Ўладзімерам Дубоўкам.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 306–307.
1999 — Мікола Трухан, тэатральны рэжысэр.
Дзякуючы Міколу, якому дапамагаў шырока вядомы сёньня рэжысэр Віталь Баркоўскі, нашая сталіца й уся краіна ў 1990-я атрымалі новы тэатар. Ужо сама яго назва — «Дзе-Я?» — змушала гледача не шамацець цукерачнымі абгорткамі, а — думаць.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 456–457
2010 — Кастусь Тарасаў, пісьменьнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
Вецер гісторыі гартаў каляндар 1984-га. Якраз у той год Тарасаў аднае раніцы прачнуўся знакамітым. Ягоная «Памяць пра легенды» выйшла 30 тысячамі асобнікаў, імкліва зрабіўшыся культавым выданьнем. Дасьведчаныя людзі казалі, нібыта кніга сабрала замоваў на 300 000 асобнікаў, ды таварышы з ЦК цыкнулі на выдаўцоў, і адзін нуль тыя паслухмяна «згубілі». Аднак і скарочаны ў дзесяць разоў наклад узводзіў пісьменьніка ў ранг нацыянальнага асьветніка.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 594-595.