Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрыемства з Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі судзіцца з 60 работнікамі за яблыкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пазоў амаль на 100 тысяч рублёў выставіла ААТ «Александрыйскае» шасьцідзесяці сваім працаўнікам, якіх абвінавачвае ў пашкоджаньні 81,5 тоны яблыкаў, паведамляе Tut.by. Юрысты ня могуць прыгадаць ў Беларусі такі доўгай «лавы падсудных»: садоўнікі, аграномы, сартавальніцы, работнікі сховішча садавіны, маркетолягі.

Каля месяца таму 60 цяперашніх і былых работнікаў яблыневага саду «Александрыйскага» і сховішча садавіны атрымалі поштай пазовы ад свайго ж прадпрыемства на розныя сумы: некалькім супрацоўнікам на кіроўных пасадах — на 3-6 тысяч рублёў, астатнім — на 1341 рубель. На думку кіраўніцтва ААТ, яны ня выканалі сваіх абавязкаў, што прывяло да гніеньня яблыкаў і нанясеньня шкоды прадпрыемству ў памеры амаль 92 тысячы рублёў.

Пазыцыя «Александрыйскага»

Пазыцыя «Александрыйскага» абапіраецца на высновы судовага экспэрта Брыта, работнікаў назвалі вінаватымі ў тым, што яблыкі з саду сабралі позна, калі яны былі перасьпелыя, зьбіралі ў тым ліку і яблыкі, якія ўпалі на зямлю і былі пашкоджаныя, не кантралявалі якасьць яблыкаў, якія купілі для закладкі, што парушэньне тэмпэратурнага рэжыму захоўваньня яблыкаў.

У выніку было шмат перасьпелых і нестандартных яблыкаў, таму служба маркетынгу не змагла «бяз стратаў рэалізаваць» прадукцыю нізкай якасьці.

Гаспадарка атрымала страты і лічыць вінаватымі ў гэтым начальніка саду, аграномаў, садоўнікаў, кладаўшчыцу, сартавальнікаў і ўсіх, хто павінен быў займацца продажам яблыкаў (намесьнік дырэктара ў камэрцыйных пытаньнях і ўсю службу маркетынгу), бо яны ня ня выканалі належным чынам службовых абавязкаў і ўмовы заключаных зь імі дамоваў, парушылі службовыя інструкцыі.

Што гавораць работнікі «Александрыйскага»

Яны кажуць, што яблыкі зьбіралі і работнікі райвыканкаму, і мэдработнікі, і школьнікі — усе яны прыяжджалі на сельгасработы, «але ім чамусьці пазоваў не прад’явілі».

Паводле работнікаў, яблыкі ўраджаю 2018 году пачалі зьбіраць у жніўні, скончылі ў кастрычніку. Год быў ураджайным, сваіх яблыкаў сабралі каля 800 тон, яшчэ столькі ж закупілі ў гаспадарак Магілёўскай вобласьці — «бо было ўказаньне прэзыдэнта запоўніць сховішча на 100%». Усяго ў сховішчы «Александрыйскага» сабралі больш за 1700 тон яблыкаў.

Звычайна яблыкі ў сховішчы заканчваюцца ў красавіку, бо тэрмін іх рэалізацыі — 8-9 месяцаў: частку прадаюць, частку здаюць на перапрацоўку. Але апошняя фура зь яблыкамі ўраджаю 2018 году зьехала 9 жніўня 2019 году — яблыкі ляжалі год. Яны падкрэсьліваюць: названыя ў пазове амаль 82 тоны яблыкаў — гэта ўвесь абʼём сапсаваных пладоў, які складае 6,5% ад закладзеных на захоўваньне. Але так званыя натуральныя страты, якія ёсьць пры захоўваньні любых харчоў, былі закладзены ў сховішчы садавіны першапачаткова і складаюць 10%.

ААТ «Александрыйскае» — буйны сельскагаспадарчы комплекс у складзе аграпрамысловага холдынгу Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Знаходзіцца ў Шклоўскім раёне, адміністрацыя — у аграгарадку Александрыі. Яблыневы сад «Александрыйскага» знаходзіцца паміж аграгарадком Александрыяй, вёскамі Вялікі Межнік і Копысіцай, сховішча садавіны — побач зь ім. Яблыкі з «прэзыдэнцкага» саду ў цэнтры вёскі Александрыя-2 таксама захоўваюцца ім. Лукашэнка прыяжджаў сюды з інспэкцыяй і даваў загад «запоўніць сховішча на 100%».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG