13 студзеня адзначаецца Дзень абаронцаў Літвы — у памяць пра падзеі студзеня 1991-га, калі кіраўніцтва СССР спрабавала гвалтоўным чынам спыніць працэс аднаўленьня незалежнасьці. У тыя дні ў абарону свабоды Літвы выступілі і беларусы.
Штурм цывільных аб’ектаў у Вільні быў зроблены на просьбу няіснай структуры
13 студзеня 1991 года савецкія войскі і падразьдзяленьні КДБ штурмавалі тэлецэнтар, тэлевежу і Дом друку ў Вільні, у выніку загінула 14 чалавек. Гэтыя дзеяньні павінны былі быць часткай працэсу «навядзеньня канстытуцыйнага парадку» — у адказ на Акт абвяшчэньня незалежнасьці, прыняты парлямэнтам Літвы 11 сакавіка 1991 году. Ініцыятарамі «навядзеньня канстытуцыйнага парадку» выступіў т.зв. Камітэт нацыянальнага выратаваньня, якога, як высьветлілася пазьней, не існавала — ягоныя заявы распрацоўваліся ў Маскве і трансьляваліся супрацоўнікамі ЦК кампартыі Літвы на плятформе КПСС (іншую кампартыю, якая падтрымала незалежнасьць, узначальваў Альгірдас Бразаўскас).
БНФ адразу асудзіў агрэсіўныя дзеяньні Масквы і падтрымаў незалежнасьці Літвы
Ужо 13 студзеня дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце прынялі заяву ў падтрымку літоўскай незалежнасьці, у якой, сярод іншага, запатрабавалі ад прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова «вывесьці ўсе дэсантныя войскі з Прыбалтыйскіх рэспублік» і прызнаць дэ-юрэ і дэ-факта ўсе абвешчаныя сувэрэнітэты рэспублік. Пазьней да заявы далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты, агулам яе падпісалі больш як 80 дэпутатаў.
Гарбачоў адмовіўся ляцець у Вільню
Як потым прыгадвалі паплечнікі Гарбачова, яны раілі прэзыдэнту СССР, які, па ягоных словах, не аддаваў загаду на ўзброеныя дзеяньні ў Вільні, неадкладна вылецець у Літву, выступіць перад дэпутатамі парлямэнту і папрасіць прабачэньня ў літоўскага народу. Спачатку Гарбачоў з разуменьнем паставіўся да гэтай прапановы, але потым адмовіўся ад візыту.
Дземянцей паляцеў замест Гарбачова
На просьбу Гарбачова, у Вільню вылецеў старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей — з мэтай вывучыць сытуацыю і ўрэгуляваць канфлікт.
Вільню наведалі дзьве беларускія дэлегацыі адначасна
Спачатку Вярхоўны Савет БССР адмовіўся прыняць прапанаваную Апазыцыяй БНФ заяву ў падтрымку Літвы — большасьць дэпутатаў выказаліся за тое, каб «вывучыць сытуацыю, а потым прымаць рашэньні». Вярхоўны Савет сфармаваў афіцыйную дэлегацыю на чале зь Нілам Гілевічам, куды ўвайшлі дэпутаты Тацьцяна Анісенка, Валянцін Вялічка, Валянцін Голубеў, Генадзь Карпенка, Міхаіл Сьлямнёў і Сяргей Шабашоў. Апазыцыя БНФ накіравала ў Вільню сваю дэлегацыю — Барыса Гюнтэра, Сяргея Навумчыка і Ігара Пырха.
Ландзбергіс прасіў у дэпутатаў БНФ зброю
Беларускія дэпутаты наведалі літоўскі парлямэнт, які быў аточаны барыкадамі (абаронцы чакалі штурму савецкімі дэсантнікамі), Ніл Гілевіч і Сяргей Навумчык выступілі на паседжаньні парлямэнту. Таксама, дэпутаты былі на цырымоніі разьвітаньня з загіблымі. Дэпутаты Апазыцыі БНФ Барыс Гюнтэр і Ігар Пырх наведалі старшыню Вярхоўнага Савету Літвы Вітаўтаса Ландсбэргіса ў ягоным кабінэце ў будынку парлямэнту. Як пазьней распавядаў Ігар Пырх, Ландзбергіс прасіў у іх дапамагчы са зброяй (якой, натуральна, БНФ ня меў). Добраахвотнікі, якія ахоўвалі будынак Вярхоўнага Савета, былі ўзброеныя стрэльбамі канца XIX стагодзьдзя. Аўтаматы Калашнікава былі толькі ў целаахоўнікаў Ландсбэргіса.
Лукашэнка таксама наведаў Вільню
Існуе распаўсюджанае меркаваньне, што ў часе свайго візыту ў Вільню ў верасьні 2009 году Лукашэнка схлусіў, сказаўшы, што ў часе падзеяў студзеня 1991-га быў у Вільні. Насамрэч, гэтым разам Лукашэнка сказаў праўду. Акрамя дэлегацыяў ад Вярхоўнага Савета і Апазыцыі БНФ, у Вільню выехала яшчэ адна група дэпутатаў — Віктар Ганчар, Яўген Глушкевіч і Аляксандар Лукашэнка. «Самая галоўная думка, якая пастаянна сьвідруе мне галаву пасьля Літвы. Гэта думка пра тое, што рабіў бы прэзыдэнт і ягоная каманда, калі б сёньня ў іх адабраць танкі і тых ачмурэлых салжат... » — сказаў пасьля наведваньня Вільні на сэсіі Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка (пад прэзыдэнтам меўся на ўвазе Гарбачоў).
Вярхоўны Савет быў адзіным парлямэнтам у былым СССР, які прыняў заяву ў падтрымку Літвы
17 студзеня 1991 на сэсіі Вярхоўнага Савету БССР выступілі практычна ўсе дэпутаты, якія наведалі Літву. У выніку абмеркаваньня Вярхоўны Савет прыняў заяву, якая, хаця і не падтрымлівала незалежнасьць Літвы (як гэтага патрабавалі дэпутаты БНФ), аднак рашуча асуджала ўжываньне войскаў супраць мірнага насельніцтва і ўтрымлівала пратэст «супраць прымяненьня ўзброеных сілаў унутры дзяржавы для дасягненьня палітычных мэтаў». Такім чынам, Вярхоўны Савет БССР быў адзіным парлямэнтам у тагачасным СССР, які абмяркоўваў сытуацыю ў Літве і прыняў адмысловую заяву, (у іншых рэспубліках, як напрыклад у РСФСР, выказаліся кіроўныя органы парлямэнтаў). Літва, Латвія і Эстонія не прызнавалі сябе суб'ектамі СССР.
Падзеі ў Літве былі ўдарам па КПСС
Трагічныя падзеі ў Вільні спарадзілі масавы выхад людзей з членства ў КПСС па ўсім тагачасным Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі. Многія публічна палілі свае членскія білеты.
Некалькі беларусаў атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды Літвы
У 1992 годзе дэпутаты Барыс Гюнтэр і Ігар Пырх, а таксама некалькі віленскіх беларусаў былі ўзнагароджаныя мэдалямі «Памяці 13 сьнежня».