Пра гэта заявіў міністар фінансаў Эстоніі Мартын Хельмэ. Паводле Хельмэ, эстонскія ўлады высьвятляюць, ці былі ўцягнутыя ў гэтыя апэрацыі асобы, якія знаходзяцца пад амэрыканскімі санкцыямі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Цяпер у банкаўскай галіне Эстоніі праводзяцца рэформы, якія пачаліся пасьля таго, як высьветлілася, што прадстаўнікі Расеі вывелі 220 мільярдаў даляраў празь мясцовае аддзяленьне Danske Bank.
Крэмль, Генэральная пракуратура, Фэдэральная служба бясьпекі і Сьледчы камітэт не адказалі на просьбу Reuters пракамэнтаваць заяву Хельмэ.
«З Расеі паступаюць два віды сродкаў. Адзін зь іх — выкрадзеныя грошы, якія яны хочуць вывесьці з Расеі», — расказаў Хельмэ ў інтэрвію, дадаўшы, што астатняя частка сродкаў «вельмі цесна зьвязаная» з расейскімі спэцслужбамі.
Хельме, які ўзначальвае камісію, што расьсьледуе апэрацыі адмываньня грошай і фінансаваньня тэрарызму, кажа, што частка грошай «была выкарыстаная расейскімі спэцслужбамі для фінансаваньня замежных апэрацый».
Danske Bank сышоў з Эстоніі сёлета, пасьля таго, як кіраўніцтва філіялу банку прызнала ўдзел у адпраўцы сродкаў падазронага паходжаньня ў пэрыяд з 2007-га па 2015 год.
Хельмэ не ўдакладніў, пра якія менавіта расейскія арганізацыі ідзе гаворка, а таксама ня даў ніякіх сьведчаньняў у падтрымку сваіх сьцьвярджэньняў. Эстонія вывучае грашовыя патокі, якія прайшлі праз краіну ў апошнія гады, і дзеліцца інфармацыяй з амэрыканскімі ўладамі, сказаў Хельме.
Паводле яго, цяпер улады краіны высьвятляюць магчымае дачыненьне да гэтых апэрацый людзей, якія знаходзяцца пад санкцыямі з боку ЗША.
«Мы вельмі гэтым занепакоеныя», — дадаў кіраўнік Мінфіну Эстоніі. Хельмэ сказаў, што ён абмяркоўваў міжнародныя санкцыі падчас сваёй сустрэчы з Маршалам Білінгсьлі, памочнікам міністра фінансаў ЗША ў расьсьледаваньні фінансаваньня тэрарызму. Сустрэча адбылася ў Вашынгтоне ў кастрычніку.
Хельмэ паведаміў, што прадстаўнікі расейскіх уладаў нядаўна наведвалі Эстонію. «Яны [прыехалі] сюды, каб дазнацца пра тое, што мы ведаем, і выкарыстоўваць гэтую інфармацыю для таго, каб лепш утойваць свае апэрацыі», — заявіў міністар.