Тэхнічны дырэктар ААТ «Пиро-Росс» Канстанцін Шапавалаў заявіў РИА Новости, што ў абавязкі супрацоўнікаў ягонай кампаніі не ўваходзіла падрыхтоўка снарадаў да запуску салюту 3 ліпеня, калі праз выбух салютных гарматаў загінула жанчына і пацярпелі 10 чалавек.
Што сказаў дырэктар «Пиро-Росс»
Паводле Шапавалава, сьледзтва «звальвае» віну на супрацоўнікаў «Пиро-Росс», таму што ў іх задачу «не ўваходзіла падрыхтоўка снарадаў да запуску». Іх задачамі былі:
- запіс праграмы салюту на пульты праграмаваньня;
- наладжваньне абсталяваньня запуску;
- адсочваньне запуску для аказаньня тэхнічнай дапамогі.
«У нас няма зь імі сувязі. У нас няма ніякай інфармацыі, што і як яны рабілі. На кожны салют мы адпраўляем кагосьці ад сваёй кампаніі», — сказаў Шапавалаў.
Расейцам выставілі абвінавачаньне, зьявіліся новыя падазраваныя
17 ліпеня стала вядома, што двум грамадзянам Расеі выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 299 КК Беларусі — «парушэньне правілаў абыходжаньня з выбуховымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека», што прадугледжвае ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Таксама вядома, што ў справе зьявіліся яшчэ два падазраваныя. Хто яны, Сьледчы камітэт Беларусі не камэнтуе.
Сьледчыя просяць відавочцаў, якія здымалі здарэньне на відэа, зьвязацца зь імі і прадставіць матэрыялы відэаздымак.
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.