Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію Радыё Свабода назвала шэраг гасьцей, якія маюць удзельнічаць у будучых пасяджэньнях яе інтэлектуальнага клюбу ў Менску.
Сярод названых ёй імёнаў нямецкая пісьменьніца Герта Мюлер, якая ў 2009 годзе атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, расейскі кінарэжысэр Аляксандр Сакураў, францускі кінарэжысэр Ян Арцюс-Бэртран, расейская нэўралінгвістка Тацяна Чарнігоўская.
Госьцяй трэцяга паседжаньня інтэлектуальнага клюбу Алексіевіч 2 сакавіка была літоўская пісьменьніца Рута Ванагайце, аўтарка кнігі «Нашы» — пра тое, як літоўцы зьнішчалі габрэяў. У дыскусіі таксама браў удзел беларускі дасьледчык Аляксей Літвін, загадчык аддзелу ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.