29 сьнежня ў Вільні беларускія апазыцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч сустрэліся з амэрыканскім сэнатарам Джонам Маккейнам.
Пра гэта яны паведамілі на сваіх старонках у Фэйсбуку.
«За нашу i вашу Свабоду! Разам з сэнатарам Маккейнам», — напісаў у Фэйсбуку Анатоль Лябедзька.
«Кароткая сустрэча з сэнатарам Маккейнам у літоўскім Сейме. Размова пра Беларусь!» — паведаміў Юрась Губарэвіч.
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Юрась Губарэвіч сказаў, што сустрэча адбылася дзякуючы дапамозе дэпутатаў літоўскага Сейму.
«Была кароткая размова, мы перадалі сэнатару Маккейну сваё бачаньне сытуацыі як у Беларусі, так і ў рэгіёне. Мы выказалі занепакоенасьць тым, што ўсё меншая ўвага дэмакратычнага сьвету зараз надаецца Беларусі. У першую чаргу назіраецца зьніжэньне ўвагі з боку Эўразьвязу. Таксама ёсьць занепакоенасьць — няма пэўнасьці, якой будзе палітыка новага амэрыканскага прзыдэнта. Спадзяемся, што гэты кантакт будзе мець працяг. Мы заявілі і пра гэта, пра неабходнасьць камунікацыяў на сталай і глыбейшай аснове».
Падчас візыту ў Літву сэнатар ЗША Джон Маккейн сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце, са старшынём літоўскага Сейму Віктарасам Пранцкецісам і парлямэнтарамі.
Пасьля сустрэчы зь Віктарасам Пранцкецісам і парлямэнтарамі сэнатар наведаў мэмарыял ахвярам падзеяў 13 студзеня 1991 году ля будынку парлямэнту і зьвярнуўся да літоўскіх і амэрыканскіх вайскоўцаў, якія бралі ўдзел у захадзе.
«Дзякуй за службу, дзякуй за вашу самаахвярнасьць. 25 гадоў таму ў гісторыі гэтага вялікага і прыгожага народу быў важны момант. Вас зноў могуць прызваць на службу, таму што ёсьць пагроза, ёсьць Расея, якая адраджаецца ды імкнецца аднавіць імпэрыю», — цытуе DELFI Джонa Маккейнa.
«І мы будзем абапірацца на вас, каб вы абаранілі гэты народ і кожнаму, хто захоча парушыць сувэрэнітэт Літвы, даказалі, што вы гатовыя яе абараніць», — сказаў сэнатар.
Ён падкрэсьліў, што найлепшы шлях пазьбегнуць канфлікту — быць гатовымі, каб кожны патэнцыйны агрэсар разумеў, што кошт гэтага будзе занадта вялікі.
«Ва ўмовах зьменлівага геапалітычнага акружэньня актыўная роля ЗША ў Эўропе і нашым рэгіёне застаецца самым надзейным гарантам бясьпекі Балтыйскіх краінаў і ўсёй трансатлянтычнай бясьпекі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе прэзыдэнцкай адміністрацыі па выніках сустрэчы прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце з сэнатарамі ЗША.
У Вільні знаходзяцца зь візытам сэнатары-рэспубліканцы Джон Маккейн і Ліндсі Грэм, а таксама сэнатар-дэмакрат Эмі Клобушар.
Падчас сустрэчы зь імі Грыбаўскайце абмеркавала супрацоўніцтва Літвы і ЗША ў абароннай сфэры, ажыцьцяўленьне рашэньняў, прынятых на саміце NATO ў Варшаве.
У Літве напачатку наступнага году пачнецца разьмяшчэньне шматбаковага батальёну NATO, плянуецца і ратацыя батальёну арміі ЗША ў краінах Балтыі.