Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць гомельскага апазыцыянэра склалі два пратаколы


Кастусь Жукоўскі, прыкуты да батарэі ў судзе. 11 кастрычніка.
Кастусь Жукоўскі, прыкуты да батарэі ў судзе. 11 кастрычніка.
У дачыненьні да гомельскага грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

«Мяне вінавацяць у абразе старшыні Чыгуначнага раённага суду Тацяны Адрыбец і супраціве міліцыі», — паведаміў спадар Жукоўскі.

Напярэдадні ўзброеныя аўтаматамі супрацоўнікі дэпартамэнту аховы актывіста прымусова даставілі Кастуся з шасьцігадовай дачкою ў РАУС, каб дапытаць наконт інцыдэнту, які здарыўся 11 кастрычніка ў судзе Чыгуначнага раёну.

У той дзень спадар Жукоўскі прыходзіў на суд грамадзкага актывіста Валера Сьляпухіна, якога за Народны сход пакаралі буйным штрафам. Суд двойчы перапынялі. Кастусь Жукоўскі выправіўся высьвятляць у старшыні суду час аднаўленьня разгляду справы Сьляпухіна. І старшыня назвала яго: 15 гадзінаў. Аднак а 13:05 Ільля Сьвірыдаў аднавіў ненадоўга судовае паседжаньне па разглядзе адміністрацыйнай справы Валера Сьляпухіна. Гэта выклікала эмацыйную рэакцыю з боку спадара Жукоўскага на адрас старшыні суду. Тая палічыла, што апазыцыянэр Жукоўскі абразіў яе і распарадзілася скласьці на Кастуся Жукоўскага адміністрацыйны пратакол.

Міліцэйскія ахоўнікі па загадзе маёра Кошмана сьцягнулі Жукоўскага па лесьвіцы ўніз і прыкулі ў холе за руку кайданкамі да трубы ацяпленьня. Кастусь праз тэлефон выклікаў нарад міліцыі і запатрабаваў мэдычнай дапамогі: паскардзіўся, што зноў разбалелася зламаная спэцназам тры тыдні таму нага, зь якой нядаўна зьнялі гіпс.

У суд неўзабаве прыйшоў участковы Цэнтральнага РАУСу лейтэнант Марфушкін. Жукоўскага па ягоным патрабаваньні адвезьлі ў шпіталь, дзе лекары аказалі яму мэдычную дапамогу.

Пасьля гэтага Кастуся на два дні пакінулі ў спакоі, а цяпер вінавацяць у парушэньні адразу двух артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу. За кожны зь іх прадугледжаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG