“Во толькі ў мяне быў сьледчы абласной пракуратуры з Магілёва Будзько. Ён пытаўся ў мяне, ці даваў я хабар пракурору горацкаму. Нібыта ім даслалі ананімны ліст, што менавіта я даваў гэты хабар. Я яму адказаў, што хабару не даваў і не даю. І запатрабаваў прыцягнуць да адказнасьці ананімшчыка. Маё патрабаваньне й саму гутарку Будзько занатоўваў”, — паведаміў “Свабодзе” Пётар Маланачкін.
Візыт сьледчага спадар Маланачкін зьвязвае з прыездам у Горкі лідэра незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца. 10 лютага на сустрэчы ў кватэры актывіста, якая выкарыстоўваецца і як офіс пратэстанцкай суполкі, прысутнічаў дзясятак прыхільнікаў партыі.
“На сустрэчы мы, відаць, насамрэч гаварылі пра забароненыя рэчы ў сёньняшняй Беларусі — пра свабоду веравызнаньня, выбары, дэмакратыю, галоснасьць”.
Цікавіўся сьледчы й сынам Маланачкіна Ільлёй. Той вучыцца ў Польшчы і зьяўляецца адным з заснавальнікам БХД. Ільля — сьведка ў справе нерэгістрацыі партыі.
“У Менску ня могуць разабрацца, дзе ён вучыцца — ці то ў Беластоку, ці то ў Беларусі. На наступным тыдні ён зьбіраецца паехаць у Менск у пракуратуру й даць тлумачэньні наконт гэтага”, — кажа Маланачкін.