Такую лічбу на прэс-канфэрэнцыі агучыў кіраўнік Міжведамаснага дырэктарату сувязяў з грамадзкасьцю (ISPR) генэрал-лейтэнант Ахмад Шарыф.
Ён назваў напад «відавочным актам вайны» падчас узмацненьня напружанасьці паміж суседнімі краінамі, якія валодаюць ядзернай зброяй. Паводле Шарыфа, Індыя нанесла «24 удары па шасьці месцах», у выніку якіх восем грамадзян загінулі і 35 атрымалі раненьні. Яшчэ восем чалавек прапалі бязь вестак.
«Пакістан адкажа на напад», — заявіў ён у канцы прэс-канфэрэнцыі, не адказваючы на пытаньні.
Індыйская армія таксама паведаміла пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва — трое мірных жыхароў загінулі ад рук пакістанскіх вайскоўцаў, якія вялі «нявыбарачны» абстрэл лініі кантролю. Гэта фактычная мяжа, якая падзяляе Кашмір — цэнтар 80-гадовай тэрытарыяльнай спрэчкі паміж дзьвюма краінамі. Камандаваньне дадало, што індыйская армія «рэагуе прапарцыйна».
Баі былі наймацнейшымі за больш чым два дзесяцігодзьдзі і адбыліся пасьля атакі ісламісцкіх нападнікаў, у выніку якой у мінулым месяцы ў кантраляваным Індыяй Кашміры загінулі 26 індуісцкіх турыстаў. Індыя абвінаваціла ў нападзе баевікоў, якія базуюцца ў Пакістане; Пакістан адмаўляе сваю датычнасьць.
Індыя заявіла, што ўдарыла па дзевяці пакістанскіх аб’ектах, якія станавілі сабой «тэрарыстычную інфраструктуру» і зь якіх былі арганізаваныя напады.
Міністар інфармацыі Пакістана Ата Уля Тарар паведаміў у сацыяльнай сетцы X, што Пакістан зьбіў тры індыйскія самалёты і адзін бесьпілётнік. Індыйскае камандаваньне не камэнтавала гэтую заяву.
Прэм’ер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф заплянаваў тэрміновае паседжаньне Камітэту нацыянальнай бясьпекі на 7 траўня.
Галоўны міністар правінцыі Пэнджаб Марʼям Наваз абвясьціла надзвычайнае становішча ў рэгіёне, які мяжуе зь Індыяй. Усе школы, каледжы і ўнівэрсытэты будуць зачыненыя. Паліцыя і іншыя службы бясьпекі прыведзены ў стан падвышанай гатоўнасьці, а лекарам, якія цяпер у адпачынку, было прапанавана зьявіцца на службу.
Напады выклікалі трывогу ў Вашынгтоне — прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго паінфармавалі пра гэта, і ён спадзяецца, што баявыя дзеяньні «скончацца вельмі хутка». У Нью-Ёрку Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш выказаў занепакоенасьць і заклікаў абедзьве краіны да максымальнай стрыманасьці.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё зьвязаўся з дарадцам прэм’ера Пакістану ў нацыянальнай бясьпецы, генэрал-лейтэнантам Асімам Малікам, каб абмеркаваць сытуацыю.
Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з эскаляцыяй напружанасьці паміж Індыяй і Пакістанам:
«Беларусь пасьлядоўна выступае за ўстойлівы мір у Паўднёвай Азіі і вырашэньне спрэчак паміж дзяржавамі шляхам кансультацыяў, перамоваў і іншых мірных сродкаў. Беларусь заклікае бакі да хутчэйшага спыненьня агню і перакананая, што альтэрнатывы вырашэньня канфлікту шляхам мірных перамоваў няма».
Форум