Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы блогер супраць афіцыйнага Менску. Аляксандар Лапшын просіць Армэнію прызнаць усе запыты Беларусі наконт яго незаконнымі


Аляксандар Лапшын, архіўнае фота
Аляксандар Лапшын, архіўнае фота

Для гэтага Лапшын разам з адвакатам падрыхтаваў пазоў у суд. Паводле яго інфармацыі, Беларусь рэгулярна патрабуе ад Армэніі затрымліваць палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

2 траўня ў аэрапорце сталіцы Армэніі Ерэване працягнулася гісторыя супрацьстаяньняўладаў Беларусі і грамадзяніна Ізраілю, блогера Аляксандра Лапшына.

«Прыляцеў — і мяне зноў затрымалі, правёў у аэрапорце дзьве гадзіны, — расказаў Лапшын у размове са Свабодай. — Сказалі, зноў на запыт Беларусі. Яны як робяць — крыху мяняюць абвінавачаньне. Дадаюць нейкі артыкул, я нават ня ведаю які. Мінулым разам было сем артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, цяпер стала восем. І гэта, атрымліваецца, ужо іншы запыт. Дзьве гадзіны прасядзеў, пасьля вызвалілі. Але гэта юрыдычны тэрарызм, менавіта гэтым займаюцца ўлады Беларусі».

Складаныя ўзаемаадносіны з афіцыйным Менскам пачаліся ў Аляксандра ў 2016 годзе, калі яго затрымалі ў Беларусі на запыт Інтэрполу. Прычынаю стала крымінальная справа, заведзеная на Лапшына ў Азэрбайджане за наведваньне тэрыторыі Нагорнага Карабаху, якую на той момант Баку не кантраляваў. І хоць вызваліць Лапшына прасілі і ў Маскве, і ў Ізраілі, Менск перадаў блогера ў Азэрбайджан даволі апэратыўна. Там Лапшына асудзілі на тры гады, а ў верасьні 2017 блогера памілаваў Ільхам Аліеў, дазволіўшы выехаць у Ізраіль.

Аляксандар Лапшын пасьля затрыманьня ў Беларусі, Менскі гарадзкі суд, студзень 2017 году
Аляксандар Лапшын пасьля затрыманьня ў Беларусі, Менскі гарадзкі суд, студзень 2017 году

Пасьля вызваленьня Аляксандар Лапшын маўчаць ня стаў, падаў на дзеяньні ўладаў Беларусі скаргу ў ААН (пасьпяхова, там прызналі парушэньне яго правоў), а пра дзеяньні беларускіх уладаў і Аляксандра Лукашэнкі асабіста пісаў і гаварыў усё, што думае. Вылілася гэта ў новыя праблемы.

«У верасьні 2024 году мяне першы раз затрымалі ў Ерэване на запыт Рэспублікі Беларусь, — расказвае Лапшын. — Гэта адбылося, калі я прыляцеў у Армэнію з Эўропы. Сказалі, што я абвінавачаны паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, пачынаючы з абразаў гонару і годнасьці Лукашэнкі і сканчаючы заклікамі да зрынаньня законна абранай у Беларусі ўлады. Прыкладна тое, у чым абвінавачваюць зараз шмат каго зь беларусаў. Нічога новага. З той розьніцай, што я не грамадзянін Беларусі, маю пашпарты Ізраілю і Ўкраіны, а нарадзіўся ўвогуле ў Савецкім саюзе. І ў Беларусі ніколі ня жыў».

Тады ў верасьні армяне адпусьцілі Аляксандра Лапшына праз чатыры гадзіны яго знаходжаньня ў аэрапорце. А Генэральная пракуратура краіны афіцыйна адмовіла Беларусі ў выдачы Лапшына. Блогер кажа, што пасьля гэтага быў у Армэніі яшчэ некалькі разоў, прыяжджаў і зьяжджаў без праблем. Да пачатку траўня 2025 году.

Форма юрыдычнага тэрарызму

З словаў Аляксандра Лапшына, улады Беларусі ведаюць, што ў выніку ім ня выдадуць абвінавачаных паводле палітычна матываваных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Аднак фармулююць новыя запыты, каб папсаваць жыцьцё апанэнтам Лукашэнкі за мяжой.

«Гэта проста зьдзекі. Няхай сабе калі ты адзін, калі ўсё скончылася празь дзьве гадзіны. Але калі ты зь сям’ёй? Гэта зьдзекі, — перакананы Аляксандар. — Таму я пракансультаваўся з адвакатамі, вырашыў зьвярнуцца ў суд і запатрабаваць ад Генэральнай пракуратуры Армэніі прызнаць усе запыты ад Беларусі незаконнымі. Прызнаць іх формай юрыдычнага тэрарызму і заблякаваць. Прынамсі ў адносінах да мяне. Гэта можа стаць прэцэдэнтам».

З словаў Аляксандра Лапшына, яго зварот можа стаць нагодай для перагляду Армэніяй свайго стаўленьня і да іншых запытаў, атрыманых ад беларускага боку. Паводле інфармацыі блогера, у СІЗА Армэніі цяпер знаходзяцца адразу некалькі беларусаў, выдачы якіх патрабуюць улады Беларусі і абвінавачаньні ў дачыненьні да якіх могуць быць палітычна матываванымі.

Словы Лапшына пра палітычных апанэнтаў беларускіх уладаў, якія чакаюць экстрадыцыі ў армянскіх СІЗА, пацьвярджае і адвакат блогера Гурам Вашакідзэ-Бэнкльянц, які кіруе аддзелам замежнных сувязяў юрыдычнай фірмы «Эдуард Агаджаньян і партнэры».

Адвакат Гурам Вашакідзэ-Бенклянц
Адвакат Гурам Вашакідзэ-Бенклянц

«Затрыманьні грамадзян Беларусі ў Армэніі паводле запытаў беларускіх уладаў адбываюцца рэгулярна, — кажа Гурам Вашакідзэ-Бэнкльянц у размове з Свабодай. — І хаця паміж Беларусьсю і Армэніяй існуюць дамоўленасьці, затрыманых звычайна не выдаюць, бо такія запыты палітычна матываваныя. Зараз мы рыхтуем пазоў з нагоды затрыманьня Аляксандра Лапшына. Бо ў беларускага боку няма ніякіх доказаў зьдзяйсьненьня ім злачынства. Проста затрымайце і выдайце нам. Усё».

З словаў адваката, пазоў з патрабаваньнем спыніць разгляд запытаў Беларусі ў дачыненьні да Аляксандра Лапшына будзе пададзены ў бліжэйшыя дні. Свабода зьвярнулася ў МУС Армэніі з просьбай паведаміць, як часта ў краіне затрымліваюць грамадзян Беларусі паводле запытаў афіцыйнага Менску і чым такія гісторыі сканчаюцца, адказ апублікуем пасьля яго атрыманьня.

У верасьні 2024 году розгалас атрымаў выпадак грамадзянкі Беларусі Дзіяны Маісеенкі, якую армянская паліцыя затрымала на грузінска-армянскай мяжы. Дзяўчыну пратрымалі ў пастарунку некалькі дзён, сама яна зьвязвала арышт з крымінальнай справай супраць свайго бацькі, які актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году. Празь некалькі дзён Дзіяну вызвалілі, яна вярнулася ў Грузію.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG