Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва і Латвія закрылі неба для самалёта прэзыдэнта Сэрбіі Вучыча празь яго магчымую паездку на парад у Маскву


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Вучыч, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Вучыч, архіўнае фота

Улады Латвіі і Літвы адмовіліся прапусьціць самалёт сэрбскага прэзыдэнта Аляксандра Вучыча на шляху ў Маскву на парад 9 траўня.

Пра гэта паведамляюць сэрбскія выданьні Kurir і Novosti.

Паводле іх інфармацыі, латвійскія ўлады патлумачылі забарону «палітычнай адчувальнасьцю мэты палёту», а Літва адмовіла праз «тэхнічныя і дыпляматычныя прычыны».

Афіцыйныя прадстаўнікі гэтых краін пакуль не камэнтавалі паведамленьняў.

Таксама, паводле зьвестак Kurir, прэм’еру Славаччыны Робэрту Фіцу быў забаронены пралёт праз паветраную прастору Польшчы і Літвы. І Вучыч, і Фіца фігуруюць у крамлёўскіх сьпісах лідэраў, якія прыляцяць у Маскву на сьвяткаваньне Дня Перамогі.

3 траўня прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч датэрмінова перапыніў афіцыйны візыт у ЗША праз хваробу, пасьля чаго вярнуўся ў Бялград, дзе яго шпіталізавалі. На наступны дзень міністар фінансаў Сэрбіі Сініша Малі заявіў, што пакуль немагчыма сказаць дакладна, ці паедзе Аляксандр Вучыч на ўрачысты парад на Краснай плошчы ў Маскве 9 траўня.

Раней Вучыч казаў, што прыедзе ў Маскву на парад 9 траўня. Пасьля гэтага Эўракамісія папярэдзіла прэзыдэнта Сэрбіі, што яго візыт у Расею ўскладніць перамовы аб прыёме краіны ў ЭЗ.

Прэмʼер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца таксама заяўляў, што зьбіраецца прыехаць у Маскву наведваць парад 9 траўня. «Я акурат зьбіраюся на сьвяткаваньне 80-годзьдзя. І кропка», — цытуе Фіцу славацкае выданьне Aktuality.sk.

МЗС Украіны заклікала іншыя дзяржавы ўстрымацца ад удзелу ў парадзе ў расейскай сталіцы Маскве на Дзень перамогі ў Другой усясьветнай вайне.

У заяве МЗС Украіны згадваецца, што «сёньня супраць украінскага народу, які ёсьць адным з народаў — пераможцаў над нацызмам і заплаціў жудасную цану за мір і свабоду ў Эўропе, вядзецца жорсткая і нічым не справакаваная захопніцкая вайна. Падчас гэтай агрэсіі расейскія салдаты зьдзейсьнілі сотні тысяч ваенных злачынстваў, забілі 620 і паранілі амаль 2000, а таксама дэпартавалі не менш за 20 000 украінскіх дзяцей. Расейская армія ўчыніла і працягвае ўчыняць зьверствы ва Ўкраіне ў маштабах, якіх Эўропа ня бачыла з часоў Другой усясьветнай вайны», — гаворыцца ў заяве.

Тымчасам у Крамлі заявілі, што ў Маскву 9 траўня прыедуць лідэры 29 дзяржаваў (сярод іх тры непрызнаныя. — РС). Гэта кіраўнікі шэрагу постсавецкіх дзяржаваў. а таксама Бразыліі, Буркіна-Фаса, Вэнэсуэлы, Віетнаму, Гвінэі-Бісаў, Эгіпту, Манголіі, М’янмы, Славаччыны, Сэрбіі, Папуа — Новай Гвінэі, Этыёпіі, Палестынскай аўтаноміі ды іншых.

Аляксандр Лукашэнка таксама зьбіраецца наведаць гэты парад. Для ўдзелу ў ім накіраваныя і беларускія вайскоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG