Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам: ні слова пра зьніклых палітыкаў


Менскі гарвыканкам адмовіў Аб’яднанай грамадзянскай партыі правесьці пікет з нагоды 10-й гадавіны зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Пісьмовае паведамленьне пра гэта сёньня раніцай паступіла ў офіс АГП.

Старшыня менскай гарадзкой арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў расказаў “Свабодзе”:

“Я і Ўладзімер Раманоўскі падпісалі ліст у гарвыканкам з просьбай дазволіць пікет 16-га верасьня на перасячэньні вуліцы Фабрычнай і Рабочага завулка, дзе 10 год таму зьніклі Ганчар і Красоўскі. Мы напісалі, што прынясём сюды лёзунгі пра тое, што за 10 гадоў гэтае злачынства так і не раскрытае, старыя фатаграфіі. Указалі, што удзельнікаў пікету будзе да 50 чалавек.

У адмоўным адказе, які падпісаў намесьнік старшыні сталічнага выканкаму Міхаіл Ціцянкоў, гаворыцца, што на нашым звароце адсутнічае пячатка, згадваюцца іншыя дробязі. Але ж наш ліст надрукаваны на афіцыйным партыйным блянку, зь усімі неабходнымі атрыбутамі, уключаючы юрыдычную адрэсу і г.д. Ды і ніколі раней на такіх дакумэнтах мы пячаткі не ставілі.

Я думаю,уладам вельмі ня хочацца, каб ім нагадвалі, што за 10 гадоў яны ня могуць альбо ня хочуць высьветліць гэтую справу. Адсюль і такія прыдзіркі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG