Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьмеркаваньне 2009: ад двух да пяці гадоў


Выпускнікі бюджэтных аддзяленьняў бальшыні вышэйшых навучальных установаў павінны адпрацаваць па разьмеркаваньні 2 гады.



Базавым заканадаўчым актам, які рэглямэнтуе пытаньні разьмеркаваньня, зьяўляецца Закон аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, парадак і ўмовы разьмеркаваньня прапісаныя ў іншых дакумэнтах, да прыкладу, у "Палажэньні аб разьмеркаваньнi выпускнiкоў дзяржаўных пэдагагiчных вышэйшых i сярэднiх спэцыяльных навучальных устаноў Рэспублiкi Беларусь". З аднаго боку, дзяржава гарантуе першае працоўнае месца выпускніку ВНУ. З другога боку, выпускнік ВНУ павінен, так бы мовіць, “адпрацаваць” сваю бясплатную адукацыю.

Звычайна ў жніўні выпускнікі ВНУ павінны прыступіць да працы па разьмеркаваньні. Але сёлета, да прыкладу, у маладых пэдагогаў узьніклі праблемы. У школах няма вольных месцаў, і маладых спэцыялістаў у сталіцы прымушаюць ісьці працаваць выхавацелямі дзіцячых садкоў. Міністэрства адукацыі разаслала ў раённыя ўпраўленьні адукацыі дакумэнт, які дазваляе чыноўнікам разьмяркоўваць маладых спэцыялістаў, не зьвяртаючы ўвагі на спэцыялізацыю. Да прыкладу, настаўнікам замежнай мовы, якія скончылі ВНУ з чырвоным дыплёмам, прапануюць ісьці працаваць у дзіцячыя садкі. Нават у Чарнобыльскай зоне няма вакансій настаўнікаў.

Паводле правілаў, "выпускнікі, якія атрымалі сярэднюю спэцыяльную ці вышэйшую адукацыю, разьмяркоўваюцца на працу згодна з атрыманай спэцыяльнасьцю найперш у дзяржаўныя арганізацыі і арганізацыі з часткай уласнасьці дзяржавы".
Аднак, "па меры задавальненьня патрэбаў у спэцыялістах" дзяржпрадпрыемстваў, выпускнікоў могуць разьмяркоўваць і ў іншыя арганізацыі, а таксама разгледзець заяўкі ад фірмаў на канкрэтных выпускнікоў.

Паводле ўказу прэзыдэнта № 243 тэрмін адпрацоўкі для асобаў, якія навучаліся па мэтавым наборы, павялічаны. Цяпер выпускнік-мэтавік павінен адпрацаваць па разьмеркаваньні, якое ўстаноўлена законам, два гады, і па дамове, вызначанай бакамі. Пры гэтым тэрмін працы па дамове для выпускнікоў вышэйшых навучальных установаў складае ня менш за тры гады. Таму выпускнік-мэтавік павінен адпрацаваць пяць гадоў.

Працяг тэмы пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG