На пачатку 1980-х мінулага стагодзьдзя абаронца “Дынама” Юрый Курненін быў своеасаблівай візытоўкай каманды. Невысокі, з кароткімі, нібыта не зусім “футбольнымі” нагамі, ён тым ня меней надзейна цэмэнтаваў дынамаўскую абарону. Асабліва заўзятараў цешылі нясьпешныя “ваяжы” Курненіна праз усё поле на правы флянг падчас выкананьня вуглавых — ягоная падача левай рыхтавала супернікам нямала непрыемных сюрпрызаў.
У актыве Курненіна нямала рэкордаў, якія ўнесеныя ў гісторыю футболу. Ён тройчы ўключаўся ў лік лепшых футбалістаў СССР, быў першым савецкім абаронцам, на рахунку якога хет-трык — тры галы ў вароты алма-ацінскага “Кайрату” ў трыюмфальным 1982-м. Курненін — аўтар першага эўракубкавага голу беларускіх клюбаў: у 1983-м у матчы 1/16 фіналу Кубку чэмпіёнаў ён забіў гол швайцарскаму “Грасхопэрсу”.
Гэта недаацэнены — я нават ня ведаю ў колькі разоў — чалавек, спэцыяліст
За сваю кар’еру Курненін таксама папрацаваў за мяжой. У сярэдзіне 1990-х трэніраваў нацыянальную зборную Сырыі, вывеў каманду ў фінальны турнір Кубка Азіі. Пасьля пераехаў у Аман, рыхтаваў сталічны клюб “Аль-Ахлі”.
Ад 2003 году да канца 2005-га дапамагаў тагачаснаму настаўніку зборнай Беларусі Анатолю Байдачнаму ў працы з нацыянальнай камандай. А ў 2006-м прызначаны галоўным трэнэрам моладзевай зборнай, зь якой сёлета ў чэрвені езьдзіў на эўрапейскі чэмпіянат у Швэцыю. Анатоль Байдачны згадвае, што ведае Юрыя Курненіна амаль 40 гадоў, яшчэ ад часоў сумеснага выступу ў маскоўскім “Дынама”:
СЛУХАЦЬ:
“Мы зь ім сябруем яшчэ з маскоўскага “Дынама”, з 18—19 гадоў. Гэта недаацэнены — я нават ня ведаю ў колькі разоў — чалавек, спэцыяліст. Чалавек, які вельмі многага дабіўся ў беларускім футболе, прынёс славу беларускаму футболу. І чэмпіянат Савецкага Саюзу выйграў зь менскім “Дынама”, і ў зборнай быў на сваім месцы. У сямёрку ў Эўропе ўвёў моладзевую каманду. Выбітная асоба ва ўсім беларускім футболе. Але стаўленьне да яго было перадузятае з боку вельмі многіх людзей. У тым ліку і з боку прэсы. Шчыра кажучы, дрэннае было стаўленьне шмат у якіх нюансах”.
Ён вельмі моцна з гэтай нагоды перажываў. Натуральна, што і чыноўнікі заадно прыклаліся — вы ж ведаеце, як у нас любяць “дабіваць”
“Думаю, што гэта на 99,9% паўплывала. Але, па-першае, зусім нядрэнны быў выступ у Швэцыі. Калі каманда Беларусі займае сёмае месца ў Эўропе, то асабіста я не лічу гэта дрэнным вынікам. Я лічу гэта выбітным выступам для Беларусі. Таму што Беларусь у футболе сабой пакуль што нічога не ўяўляе, нават блізка да гэтага не стаіць. І калі ззаду апынаюцца Партугалія, Францыя, Расея, то казаць пра нейкі няўдалы выступ язык не паварочваецца. Але ўзгадайце артыкулы ў “Прессболе”: “Паехаў лідэрам — вярнуўся беспрацоўным” і да таго падобныя выказваньні. Ён вельмі моцна з гэтай нагоды перажываў. Натуральна, што і чыноўнікі заадно прыклаліся — вы ж ведаеце, як у нас любяць “дабіваць”. Проста незразумела — за што?”
Юрый Курненін нарадзіўся 14 чэрвеня 1954 году ў Падмаскоўі. Дзе ён будзе пахаваны — пакуль невядома. Жонка Курненіна цяпер у адпачынку; нешта павінна высьветліцца, калі яна прыедзе ў Менск.