Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пухавічы: самасуды былі ў вёсцы й раней


Брама на пухавіцкі пагост.
Брама на пухавіцкі пагост.
Самасуд, які ўчынілі Сяргей Аліфяровіч і Ігар Макарэвіч разам з памагатымі Тацянай Юхневіч і Аляксандрам Петручэнем, спроба пасьля гэтага спаліць цела забітага аднавяскоўца, падазраванага ў падпалах калгаснай і прыватнай маёмасьці, падзялілі Пухавічы на тых, хто “за” й хто “супраць”.

Падзел меркаваньняў наконт памілаваньня прэзыдэнтам Сяргея Аліфяровіча й Ігара Макарэвіча, якіх суд пакараў адпаведна 5 і 3 гадамі турмы, палягае найбольш па лініі сваяцтва. Тыя, каму памілаваныя даводзяцца сваякамі, кажуць, звычайна, так:

Кабета: “Я за хлопцаў рада, што іх Лукашэнка вызваліў. Рада за гэта! Каб яны жылі й сваіх дзетак гадавалі. Гэта маё слова. Я разумею, любая шкода — гэта нядобра. Але ж гледзячы якая шкода… Ён жа зьбіраўся й іх у хаце спаліць”.

Пра намер Мікалая Макарэвіча расквітацца з Аліфяровічам на судзе распавядала ягоная сваячка. Іншых доказаў, наколькі вядома, не было. Вядома таксама, што ў дзень забойства Макаравіч, па-вясковаму Міес, кіраваўся ня ў Пухавічы, а ў вёску Бялёў. Па дарозе яго й дагналі забойцы. Забілі, а пасьля выправіліся сьвяткаваць Новы год.

Рэпутацыю Міес у Пухавічах меў адпаведную. Таму некаторыя вяскоўцы ня надта й засмучаліся з трагедыі. І цяпер падтрымліваюць памілаваньне.

Гаворыць мужчына сталага веку, які назваўся Віктарам:

“Правільна! Мікалай Макарэвіч працаваў загадчыкам фэрмы. Ён прыйшоў з турмы й пачаў падпальваць. Сьпярша калгаснае дабро, а пасьля й людзкое. Усё баяліся яго. Ён быў такі карлячок, але ўсімі правіў. Прыйшоў да мяне: „Забяры, калі ласка, заяву зь міліцыі“. Ён майго сына парэзаў нажом. Я адказваю: „Коля, як я забяру заяву — ты ж сына парэзаў?!“ Дзесяць мілімэтраў не дастаў да ныркі. Бог яго ведае, можа, і жорстка яны зрабілі, што забілі. Але ж пабачце: у Пухавічах зараз ніхто не гарыць. Ціха!”

У цэнтры Пухавіч.
Ціха толькі вонкава. Памілаваньне дадало жарсьцяў у адносіны паміж сваякамі забітага й забойцаў.

Вось што кажа спадарыня Тацьцяна, якая адстойвае бок памілаванага Сяргея Аліфяровіча — акурат ён нёс з качагаркі сякеру, каб расправіцца зь Міесам:

“Вот, ня ведаю каторага дня, зайшоў Аліфяровіч у краму. Сястра Макарэвіча, Валянціна Мікалаеўна, лаялася на яго страшнымі славамі: „Забойца ты! Майго брата забіў!“ А чаму яна раней, як ён паліў людзей, не магла з маці накрычаць: „Сынок, ня трэба так рабіць!“ За гэта трэба караць, што яны так людзей лаюць”.

Родная сястра забітага, спадарыня Валянціна, вельмі абураецца з прычыны памілаваньня:

“Як я іх магу назваць? Яны ж і ёсьць забойцы. Забойца й будзе забойцам. Няправільна зрабіў прэзыдэнт. Я так лічу са свайго боку. І маці мая, і сёстры з братам так лічаць — няправільна прэзыдэнт зрабіў. У міліцыі працуюць адны хабарнікі, і прэзыдэнт на іхнюю вудачку папаўся. Якое пакараньне далі, дый ад таго вызвалілі. Яны будуць жыць і надалей беспакарана парушаць усе правілы, а мой брат ніколі ня прыйдзе — ні да мяне, ні да маці. Што ж тут правільнага? Ёсьць у нас Адам Юхневіч. Я ішла з адной жанчынай, дык ён мне пагражае: „Чаго ідзеш і не вітаесься? Яшчэ табе ня тое будзе — я цябе з хлопцамі дагледжу!“ Зараз прыйдуць на працу ці дадому — выцягнуць праз фортку, задушаць ці заб’юць. І што, яшчэ раз памілуе прэзыдэнт?”

Магіла Мікалая Макарэвіча.
Адзін з пухавіцкіх жыхароў, спадар Фёдар, які вартуе могілкі, дзе пахаваны таксама й забіты аднавяскоўцамі Мікалай Макарэвіч, распавёў даўнюю гісторыю пра самасуд:

“Мой бацька расказваў, што адзін вясковец вельмі краў у вёсцы — дык яго ўтапілі. Колісь было — злодзей такі быў. Нельга чапаць чужое! Не чапай — і сьпі спакойна”.

Спадарыня Марыя жыве ў вёсцы Пласток — недалёка ад маці забітага Мікалая Макарэвіча. І кажа, што за сваё дзіця невядома што зрабіла б крыўдзіцелю:

“Я за свае дзіця Бог яго ведае што зрабіла б. Куды гэта гадзіцца?! Гэты хлопец пражыў, ён нічога не зрабіў мне, ніякага ліха. Было ціха ў нашай вёсцы. А што адбываліся злачынствы па чужых вёсках, то яны яго не паймалі. Сказалі толькі на яго. Забілі — і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG