Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дзеці адпачылі ў кампаніі з галяндзкім міністрам


Максім Вэрхагэн
Максім Вэрхагэн
“Ваша дарога сюды была доўгая, аднак вы яе ўсё ж прайшлі”, — сказаў міністар замежных спраў Нідэрляндаў Максім Вэрхагэн, вітаючы беларускіх дзяцей у парку дзіцячага адпачынку “Дзёйнрэл” паблізу Гаагі.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба галяндзкага МЗС.

Гаворачы пра “доўгую дарогу” маленькіх беларусаў у Галяндыю, міністар меў на ўвазе ня толькі геаграфічную адлегласьць, але і тыя праблемы, якія ўзьніклі апошнім часам у справе замежнага аздараўленьня беларускіх дзяцей.

Учора ў парку “Дзёйнрэл” кіраўнік нідэрляндзкага МЗС паабяцаў малым беларусам, што яны і надалей будуць прыяжджаць у Галяндыю. “Праўда, — дадаў міністар, — яшчэ, на жаль, дагэтуль існуюць абмежаваньні для падлеткаў, старэйшых за 14 гадоў. Аднак гэта тэма нашых далейшых перамоваў зь Беларусьсю”.

Забаўляльны парк “Дзёйнрэл” (Duinrell па-галяндзку значыць “крыніца ў дзюнах”), дзе на запрашэньне спадара Вэрхагэна правялі цэлы дзень 30 дзяцей з чарнобыльскай зоны, — адно з самых папулярных месцаў дзіцячага адпачынку ня толькі ў Галяндыі, але і ва ўсёй Эўропе. Тут на 100 гектарах раскінуліся шматлікія дзіцячыя атракцыёны, а таксама велізарны аквапарк.

Міністар Вэрхагэн выказаў словы падзякі тым галяндзкім сем’ям і дабрачынным ініцыятывам, якія паспрыялі гэтай паездцы. Таксама ён адзначыў намаганьні прадстаўнікоў дыпляматычнай місіі Беларусі ў Гаазе, якія нямала зрабілі ў інтарэсах чарнобыльскіх дзяцей і якія таксама прысутнічалі ў парку “Дзёйнрэл”.

“Мяркую, што дзіцячыя інтарэсы павінны быць на першым месцы”, — заявіў міністар.

Нагадаем, што пры канцы мінулага году дэкрэтам беларускага прэзыдэнта выезд беларускіх падлеткаў на адпачынак у заходнія краіны быў спынены. Сёлета ў красавіку нідэрляндзкі ўрад падпісаў двухбаковыя пагадненьні зь Менскам пра аднаўленьне дзіцячага аздараўленьня ў Галяндыі.

Зьвяртаючыся да беларускіх дыпляматаў, Вэрхагэн выказаў заклапочанасьць Нідэрляндаў у сувязі з сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што Галяндыя патрабуе ад беларускіх уладаў канкрэтных захадаў — такіх, як вызваленьне палітычных зьняволеных, а таксама заклікаў пакласьці канец абмежаваньням у галіне свабоды СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG