Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шкада, што супраць нашага народа ўжываюць санкцыі”


Агляд тэлефанаваньняў 10 сакавіка.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


7 сакавіка Беларусь адклікала свайго амбасадара Міхаіла Хвастова з ЗША для кансультацыяў. Такое рашэньне афіцыйны Менск прыняў у зьвязку з увядзеньнем санкцыяў супраць канцэрну “Белнафтахім”. Урад Беларусі прапанаваў амбасадарцы ЗША ў Менску Карэн Ст'юарт таксама пакінуць Беларусь. Аднак прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі заявіў, што амбасадарка Ст’юарт застанецца ў Менску, пакуль Дзярждэпартамэнт будзе аналізаваць сытуацыю. Мы працягваем атрымліваць водгукі на гэтую падзею.

Спадар: “Вельмі шкада, што супраць нашага народу прымаюць розныя санкцыі, шкада народ. І вось амэрыканцы чарговы раз прынялі. Але гэта ня супраць беларускага народу, а супраць канкрэтна Лукашэнкі. Беларусь зрабіла жорсткія захады. Якія ж жорсткія захады! Так напужалі! Асабліва Буша. Гэта на нэрвовай глебе. Толькі паглядзіце, якая мы грозная сіла!”

Спадар: “У пятніцу афіцыйны Менск зрабіў дваісты крок. З аднаго боку, напярэдадні 8 сакавіка выдаленьнем зь Беларусі элегантна віншуе амбасадарку-жанчыну, з другога — падпісвае ў Брусэлі вядомую дамову. Відаць, гэта жаданьне ўбіць клін паміж Эўразьвязам і ЗША. Ранейшае паслабленьне ўлада рабіла, разьлічваючы на размарожваньне рахункаў паводле прынцыпу “я — табе, ты — мне”; для яе свабода слова, друку, сходаў — пусты гук. Цяпер можна не сумнявацца, што расейскі Анатолевіч пасьля 7 траўня першы візыт зробіць менавіта тутэйшаму Рыгоравічу, які і надалей застанецца верным прарасейскаму антыамэрыканізму і крэдытам Масквы”.

9 сакавіка споўнілася 125 гадоў ад дня нараджэньня драматурга, тэатральнага дзеяча, публіцыста, празаіка Францішка Аляхновіча. Наш слухач цікавіцца:

Міхаіл Леках, Рыга: “У 1944 годзе ў Вільнюсе быў забіты буйны дзеяч нацыянальнай беларускай культуры спадар Аляхновіч. Мяне цікавіць канкрэтная дата забойства. Хто яго забіў, хто быў першым зацікаўленым у яго забойстве, або гэта быў няшчасны выпадак, ці, можа, гэта адбылося падчас ваенных дзеяньняў?”

На пытаньні слухача адказвае літаратцуразнаўца Анатоль Сідарэвіч:

“Францішак Аляхновіч быў забіты ў сваёй кватэры 3 сакавіка 1944 году. Ён быў беларускім патрыётам, якія прайшоў праз ГУЛАГ і напісаў кнігу “У капцюрох ГПУ”, перакладзеную на 7 эўрапейскіх моваў. Ён быў праціўнікам акцыяў польскага супраціву. Іхныя акцыі былі накіраваныя ня толькі супраць нямецкіх акупантаў, але і супраць беларускіх актывістаў і партызанкі. Сказаць дакладна, хто забіў Францішка Аляхновіча — савецкія ці польскія агенты — ніхто сёньня ня можа”.

Скончым агляд тэлефанаваньняў водгукам на працу Радыё Свабода:

Спадарыня: “Паважаны Сяргей Шупа, дзякуй вам за вашу журналісцкую працу над аповедамі з цыклю “Невядомая БНР” і дзякуй усім, хто вам дапамагае ў гэтым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG