Хлопцаў падазраюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Крымінальную справу распачалі 10 студзеня пасьля вулічнай акцыі на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да дробнага бізнэсу.
Маладафронтаўца Ўладзімера Сяргеева дапыталі ў прысутнасьці адвакаткі Мар’яны Сямешкі. Уладзімер апавёў “Свабодзе”, што ўчастковы наведаў яго на трактарным заводзе, дзе хлопец працуе токарам. Міліцыянт уручыў яму позву ў сьледчы камітэт, у якой было напісана, што выклікаюць яго ў якасьці падазраванага ў крымінальнай справе паводле 342 артыкулу (удзел у масавых беспарадках).
Нагадаем, 10 студзеня каля двух тысяч чалавек, у асноўным прадпрымальнікаў, сабраліся на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да дробнага бізнэсу. Яны прайшлі калёнай да Дому ўраду і адтуль на Кастрычніцкую плошчу. Пэўны час на праспэкце Незалежнасьці быў перакрыты дарожны рух. Пасьля акцыі спэцназаўцы затрымалі толькі актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Юнакоў і дзяўчат арыштавалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Гаворыць Уладзімер Сяргееў:
“Я не даваў пакуль ніякіх тлумачэньняў, ніякіх сьведчаньняў. Наагул ня ведаю, у чым там былі масавыя беспарадкі. Не лічу сябе вінаватым і, калі чалавек недзе прымае ўдзел, то лічу, што ён мае на гэта канстытуцыйнае права. Сама гэтая справа існуе толькі дзеля таго, каб зьвязваць па руках і нагах актывістаў напярэдадні вясновых падзеяў і акцыяў пратэсту”.
Уладзімер Сяргееў апавёў, што ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруе кіроўца аўтобусу № 69, якога нібыта зьбілі дэманстранты падчас акцыі. Уладзімер апавёў, што ніхто з арыштаваных ня бачыў, каб каго-небудзь зьбівалі. На допыце ён даведаўся, што сьледчыя маюць дапытаць яшчэ некалькіх моладзевых актывістаў, сярод якіх Тацяна Цішкевіч, Алесь Чарнышоў ды іншыя.