Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падвысяць пэнсіі высокім чыноўнікам?


Радыё Свабода Урад Беларусі распрацаваў некалькі варыянтаў новага закону аб пэнсійным забесьпячэньні. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, памер пэнсіі для былых высокіх чыноўнікаў будзе складаць каля 75 працэнтаў ад іхнага заробку.

Пэнсійнае забесьпячэньне чыноўнікаў у вышэйшых уладных структурах камэнтаваць адмаўляюцца. Аднак супрацоўнікі службы сацыяльнага забесьпячэньня пацьвярджаюць: дабрабыт гэтай катэгорыі пэнсіянэраў будзе гарантаваць новы закон. Гаворыць намесьніца кіраўніка управы сацзабесьпячэньня Цэнтральнага раёну Менску Тамара Дорахава.

(Дорахава: ) “Увогуле, ходзіць некалькі праектаў гэтага новага закону. У выніку, які зь іх прыме Нацыянальны сход, мы ня ведаем. Ніводнага праекту афіцыйнага ў нас няма. Адзінае, што ўчора сказана, што хутчэй за ўсё гэта будзе разгледжана ў студзені”.

Паводле неафіцыйных крыніцаў, падвышаныя пэнсіі будуць атрымоўваць чыноўнікі на ўзроўні міністраў, іх намесьнікаў, парлямэнтараў, амбасадараў і некаторых іншых. Што думаюць пра ідэю такога клопату пра чыноўнікаў шарагоўцы?

(Спадарыня: ) “Нашыя чыноўнікі думаюць пра сябе, як ім лепш пражыць. А пэнсіянэры, яны, можна сказаць, скарынку грызуць”.

(Спадарыня: ) “І дзе яны толькі грошы бяруць, каб ім плаціць”.

(Спадарыня: ) “Усё залежыць ад таго, які ўнёсак чалавек зрабіў на карысьць дзяржавы. Я прапрацавала 30 гадоў у ворганах. У мяне пэнсія, натуральна, большая”.

(Спадарыня: ) “Дык няхай бы падзялілі ўсім бедным людзям, але яны нас ня бачаць. Яны ідуць наеўшыся, напіўшыся і тварыкі блішчаць, і пузы трашчаць. А ў беднага народа кішкі іграюць марш – нам на ежу не хапае. А Лукашэнка толькі шмат языком меле”.

У савецкі час асобную і высокааплатную катэгорыю пэнсіянэраў складалі толькі першыя асобы краіны. Пасьля прыходу да ўлады, Аляксандр Лукашэнка пакінуў такія пэнсіі, да прыкладу, спадарам Дземянцею, і Сьлюнькову, але ня даў спадару Шушкевічу і Грыбу, кажа былы міністар працы Аляксандр Сасноў.

(Сасноў: ) “А вось зараз, я бачу, такую сыстэму плянуюць распаўсюдзіць на больш дробныя службовыя пасады. Да прыкладу, на дэпутатаў, сэнатараў і гэтак далей. І гэта робіцца не для тых, хто ўжо стары і на пэнсіі, а хто яшчэ працуе. Каб ён ведаў, што яго ня кінуць, што ён будзе добра забясьпечаны, калі будзе стары. І гэта робіцца для таго, каб з асяродка самога Лукашэнкі не было ніякіх замахаў на ягоную ўладу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG