Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ў Бабруйску: Алеся Чыгіра адпусьцілі, журналісты – бяз фота


Галіна Абакунчык, Бабруйск Звольнены за ўдзел у выбарчай кампаніі настаўнік Алесь Чыгір прыйшоў на плошчу ў Бабруйску а 12-й гадзіне і прыкаваў сябе ланцугом да слупа. Ён трымаў плякат са словамі з Канстытуцыі аб праве на працу. Міліцыя затрымала Чыгіра і яшчэ 12 чалавек, пераважна журналістаў, у тым ліку двух грамадзянаў Расеі. Некалькі гадзін журналістаў утрымлівалі ў пастарунку. Зь іх асабістых рэчаў зьніклі карты памяці з фатаздымкамі.

Хроніка акцыі Алеся Чыгіра

Да Чыгіра выйшлі супрацоўнікі гарвыканкаму, пачаліся спрэчкі. Неўзабаве пад''ехаў нарад міліцыі. Ланцуг, якім Алесь прыкаваў сябе да ліхтарнага слупа, адпілавалі пілой для мэталу, пазычанай у рабочых, што ўпарадкоўваюць горад перад сьвяткаваньнем "Дажынак". Затым настаўніка пасадзілі ў аўтобус і павезьлі ў невядомым кірунку.

За падзеямі назірала група незалежных журналістаў. Міліцыянты пачалі адбіраць у іх фатакамэры, дакумэнты, хапалі за рукі. Міліцыянты сьцьвярджалі, што адзін з журналістаў п''яны, а адну журналістку абвінавацілі ў тым, што яна іх абражала. Міліцыянты выклікалі мікрааўтобус, каб даставіць журналістаў у пастарунак.

Падчас затрыманьня, паводле сьведчаньняў журналістаў, міліцыянты абыходзіліся зь імі груба. У пастарунку ў журналістаў адабралі дакумэнты, у тым ліку й пашпарты грамадзянаў Расеі.

13:14

Ува ўсіх журналістаў забралі дакумэнты на праверку і пакуль што не аддаюць, міліцыянты нічога не тлумачаць. Сярод затрыманых – журналісты газэты "Бобруйский курьер", а таксама Паўлюк Канавальчык і Сяргей Пульша. Міліцыянты ўсё здымаюць на відэастужку.

13:45

Журналістаў не пускаюць з залі нават у прыбіральню, здымаюць на камэру ўсе размовы і тэлефонныя званкі. Арыштавана 12 чалавек – 10 беларускіх грамадзянаў (журналісты з агенцтва БелаПАН, выданьняў "Навінкі", "Салідарнасьць", з Радыё Свабода, інтэрнэт-рэсурсу "Індымэдыя", з газэты "Бобруйский курьер"), а таксама двое грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі (адна зь іх – журналістка "Навінак" Насьця Неказакава).

У дадзены момант, паводле словаў міліцыянтаў, "кіраўніцтва прымае рашэньне". На заявы журналістаў міліцыянты не рэагуюць.

14:20

Затрыманым вярнулі дакумэнты, намесьнік начальніка міліцыі сказаў, што журналісты фактычна падтрымалі несанкцыянаваную акцыю. У прыбіральню журналістаў водзяць пад канвоем. Двух чалавек з "Бобруйск''ага курьера" выклікалі на размову з начальнікам міліцыі.

Затрыманага Алеся Чыгіра прыводзілі ў гарадзкое ўпраўленьне міліцыі, дзе знаходзяцца астатнія затрыманыя, але потым яго забралі, куды – не паведамілі. Яму інкрымінуюць правядзеньне несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Ня выключана, што сёньня адбудзецца суд над ім.

14:55

Кажуць, што гэта ня допыт, а размова – журналістаў водзяць да начальніка міліцыі на так званую гутарку, просяць пісьмовае тлумачэньне. Пакуль яшчэ ніхто не вярнуўся з тых, каго забралі. Першыя людзі пайшлі прыкладна дваццаць хвілін таму, і нікога яшчэ ня выпусьцілі.

15:30

Намесьнік начальніка міліцыі Глушко выклікае да сябе ўсіх затрыманых па адным, пэрсанальна, пры гэтым ён сьцьвярджае, што гэта ня допыт, а гутарка. Размова доўжыцца каля 20 хвілін. Сп.Глушко задае пытаньні, адкуль журналісты даведаліся пра акцыю, хто іх туды накіраваў, як яны прыехалі ў Бабруйск, хто ім плаціць і колькі. Акрамя таго, ён заяўляе, што ў Бабруйску ніякіх падобных акцыяў ня будзе і што ўсе яны будуць спыняцца міліцыяй. Некаторыя журналісты адмовіліся ад размовы зь ім.

Затрыманых па-ранейшаму з будынку не выпускаюць, дзяжурны стаіць побач зь імі і не дазваляе карыстацца мабільнымі тэлефонамі.

15:45

Журналістаў адпусьцілі. На момант, калі журналістаў заводзілі ў кабінэт для размовы з намесьнікам начальніка міліцыі Глушком, міліцыянты патрабавалі пакінуць усе іх рэчы ў іншым памяшканьні. Пасьля вяртаньня выявілася, што з асабістых рэчаў журналістаў зьніклі флэш-карты з запісамі. З фотаапарата нашай карэспандэнткі былі сьцёртыя ўсе здымкі, зробленыя на плошчы падчас захопу журналістаў і пратэстоўцаў.

У Ленінскім аддзеле міліцыі Бабруйску цяпер знаходзяцца сам Алесь Чыгір і сябра "Маладога фронту" Максім Буйніцкі, які быў затрыманы разам зь ім. Ім пакуль што не выстаўляюць абвінавачаньняў і нічога не тлумачаць.

* * * Увечары Алеся Чыгіра, які зьяўляецца дэпутатам Бабруйскага гарсавету, адпусьцілі на свабоду. Вядома, што ў пятніцу адбудзецца суд над яшчэ адным удзельнікам бабруйскай акцыі – сябрам "Маладога фронту" Максімам Буйніцкім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG