Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочая партыя Курдыстану заявіла аб самароспуску і спыненьні ўзброенага канфлікту з уладамі Турэччыны


Партрэт Абдулы Аджалана ў руках ягоных прыхільнікаў, курдаў Турэччыны
Партрэт Абдулы Аджалана ў руках ягоных прыхільнікаў, курдаў Турэччыны

Рабочая партыя Курдыстану заявіла аб самароспуску і спыненьні канфлікту з Турэччынай, які доўжыўся больш за 40 гадоў.

Пра гэта паведамляюць турэцкія мэдыя.

Рабочая партыя Курдыстану (РПК), занесеная ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый у Турэччыне, Эўразьвязе і ЗША, вяла баявыя дзеяньні з Турэччынай з 1984 году, патрабуючы стварэньня аўтаноміі для турэцкіх курдаў.

«Мы завяршылі нашу працу», — гаворыцца ў заключнай дэклярацыі 12-га зьезду Рабочай партыі Курдыстану.

У заяве таксама падкрэсьліваецца, што курдзкае пытаньне дасягнула пункту, калі яго можна вырашыць з дапамогаю дэмакратычнай палітыкі.

1 сакавіка 2025 году Рабочая партыя Курдыстану (РПК) аб’явіла аб спыненьні агню з Турэччынай. 27 лютага лідэр партыі Абдула Аджалан, увязьнены ў турме, заклікаў сваіх прыхільнікаў скласьці зброю і склікаць зьезд з мэтай роспуску арганізацыі. Зварот зачыталі на курдзкай і турэцкай мовах палітыкі гэтай партыі, якія наведалі 75-гадовага Аджалана.

Ён таксама зьвярнуўся да кіраўніцтва Турэччыны з заклікам «праявіць павагу да этнічных меншасьцяў, свабоды выказваньня думак і права на дэмакратычную самаарганізацыю».

Аджалан знаходзіцца ў зьняволеньні на востраве Імралы з 1999 году, калі суд прызнаў яго вінаватым у дзяржаўнай здрадзе.

Паводле розных ацэнак, падчас баявых дзеяньняў паміж РПК і Турэччынай загінулі каля 40 тысяч чалавек, у тым ліку з прычыны нападу прадстаўнікоў РПК на вайсковыя і цывільныя абʼекты, а таксама падчас турэцкіх ваенных апэрацыяў супраць групоўкі.

Раззбраеньне РПК можа стаць буйным палітычным посьпехам для прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, яно прыбірае галоўную пагрозу ўнутранай бясьпецы Турэччыны і павысіць шанцы Эрдагана на канстытуцыйныя зьмены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG