Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Леў XIV заступіўся за зьняволеных журналістаў і заклікаў адмовіцца ад «парадыгмы вайны»


Папа Леў XIV сустракаецца з журналістамі. Рым, 12 траўня 2025
Папа Леў XIV сустракаецца з журналістамі. Рым, 12 траўня 2025

Падчас сваёй першай сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ папа Леў XIV выказаў удзячнасьць журналістам за іх працу і заклікаў да камунікацыі, якая адмаўляе «парадыгму вайны».

Як піша Vatican News, 12 траўня 2025 года, Леў XIV правёў сустрэчу з прадстаўнікамі сусьветных мэдыя, падзякаваўшы ім за працу ў асьвятленьні нядаўніх падзей у Ватыкане. У сваім выступе папа асабліва падкрэсьліў важнасьць адказнай і міралюбівай камунікацыі ў сучасным сьвеце.

«Мір пачынаецца з кожнага з нас: са спосабу, якім мы глядзім на іншых, слухаем іншых, гаворым пра іншых; і, у гэтым сэнсе, спосаб, якім мы камунікуем, мае фундамэнтальнае значэньне: мы павінны сказаць „не“ вайне слоў і вобразаў, мы павінны адмовіцца ад парадыгмы вайны», — адзначыў Папа.

Папа Леў XIV
Папа Леў XIV

Папа выказаў салідарнасьць з журналістамі, якія знаходзяцца ў зьняволеньні за пошук і расказ праўды, і заклікаў да іх вызваленьня. Леў XIV асабліва адзначыў мужнасьць тых, хто асьвятляе ваенныя канфлікты, рызыкуючы ўласным жыцьцём.

«Дзякуй, што вы здолелі выйсьці за рамкі стэрэатыпаў і агульных месцаў, праз якія мы часта чытаем пра хрысьціянскае жыцьцё і жыцьцё самога Касьцёла. Дзякуй, таму што вы змаглі ўлавіць сутнасьць таго, кім мы зьяўляемся, і перадаць яе ўсімі сродкамі ўсяму сьвету», — зьвярнуўся пантыфік да журналістаў.

Папа Леў XIV
Папа Леў XIV

Ён падзякаваў прадстаўнікам СМІ за іх працу ў асьвятленьні падзей апошніх тыдняў: абрадаў Вялікага тыдня, сьмерці папы Францішка і канклава.

«Сёньня адна з найважнейшых задач — спрыяць камунікацыі, здольнай вывесьці нас з „Вавілёнскай вежы“, у якой мы часам знаходзімся, з блытаніны моў без любові, часта ідэалягічных або прадузятых», — адзначыў Леў XIV.

На заканчэньне сустрэчы пантыфік паўтарыў заклік свайго папярэдніка папы Францішка:

«Раззброіць камунікацыю ад усялякай прадузятасьці, злосьці, фанатызму і нянавісьці; ачысьціць яе ад агрэсіўнасьці. Патрэбна не грымотная, мускулістая камунікацыя, а хутчэй тая, што здольная слухаць, чуць голас слабых, якія не маюць голасу. Раззброіўшы словы, мы дапаможам раззброіць Зямлю».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG