Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ўнесьлі праект закона з арыштам маёмасьці эмігрантаў у рамках адміністрацыйных спраў


Старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін
Старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін

Дзяржаўная дума Расеі на гэтым тыдні пачне разглядаць законапраект, які прадугледжвае «ўзмацненьне адміністрацыйнай адказнасьці ў дачыненьні да тых, хто знаходзіцца за мяжой».

Пра гэта ў нядзелю напісаў старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін. Ягоны пост у тэлеграме мае загаловак: «Пра нягоднікаў», піша Расейская служба Радыё Свабода.

Паводле Валодзіна, законапраект прадугледжвае магчымасьць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці людзей, якія знаходзяцца за межамі краіны, калі яны ўчынілі правапарушэньні, «накіраваныя супраць інтарэсаў Расеі». Раней быў прыняты закон аб магчымасьці завочнага прыцягненьня людзей да крымінальнай адказнасьці па артыкулах, па якіх судзяць, як правіла, праціўнікаў расейскай вайны ва Ўкраіне.

Законапраект аб узмацненьні адміністрацыйнай адказнасьці пакуль не апублікаваны, не паведамляецца, ці ўнесены ён у Дзярждуму і хто зьяўляецца яго аўтарам. Як правіла, падобныя дакумэнты ўносяцца вялікай колькасьцю дэпутатаў ад усіх фракцый, часам з удзелам самога Валодзіна.

Кіраўнік Дзярждумы ў прыватнасьці назваў адміністрацыйныя артыкулы, па якіх мяркуецца судзіць тых, хто зьехаў за мяжу. Сярод іх прапаганда або публічная дэманстрацыя нацысцкай атрыбутыкі або сымболікі, так званая дыскрэдытацыя арміі, «злоўжываньне свабодай слова» і распаўсюджваньне фэйкаў, а таксама «невыкананьне абавязкаў уладальніка сацыяльнай сеткі» (відавочна, маюцца на ўвазе акаўнты ў сацсетках).

Як піша Валодзін, законапраект будзе прадугледжваць арышт маёмасьці, каб прыцягнутыя да адказнасьці (як правіла, у выглядзе штрафу) не маглі ўхіліцца ад рашэньня суда.

Раней Валодзін і іншыя дэпутаты ўжо заяўлялі аб неабходнасьці стварыць мэханізмы для прыцягненьня расейцаў, якія зьехалі за мяжу, да адказнасьці — фактычна за выказваньні супраць вайны ва Ўкраіне ці крытыку ўладаў. У красавіку ж быў прыняты закон, які дазваляе завочна судзіць грамадзян, якія зьехалі за мяжу, па 20 відах злачынстваў, сярод якіх так званыя фэйкі і дыскрэдытацыя арміі Расеі, заклікі да тэрарызму экстрэмізму, масавых беспарадкаў і гэтак далей.

А як у Беларусі

У Беларусі супраць праціўнікаў уладаў, якія зьехалі за мяжу, існуе крымінальная адказнасьць у выглядзе так званага спэцвядзеньня і завчоны судоў. Больш за сто чалавек ужо асуджаныя, ёсьць выпадкі канфіскацыі і продажу іх маёмасьці на аўкцыёнах.

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG