Але згадкі Лукашэнкі пра 2020 год і «зьбеглых», якіх ён усяляк бэсьціць, дае падставу меркаваць, што тут ідзецца ня столькі пра мабілізацыю беларусаў на абарону ад вонкавых ворагаў, колькі пра абарону рэжыму, улады ад унутраных палітычных праціўнікаў.
Сьцісла:
- Пасьля падзей 2020 году тэма Перамогі ў палітыцы ўладаў набыла большы размах, атрымала новае палітычнае гучаньне.
- Разважаючы пра «захаваньне гістарычнай праўды», сам Лукашэнка вельмі вольна трактуе падзеі і факты.
- Лукашэнка тлумачыць, навошта так агрэсіўна навязваецца тэма памяці пра вайну, даволі проста: дзеля падрыхтоўкі да новай вайны.
- У розных частак беларускага грамадзтва вельмі адрозныя ўяўленьні пра патрыятызм, геапалітычную арыентацыю, крыніцы небясьпекі і ворагаў, якія пагражаюць сувэрэнітэту краіны.
Выступ Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным 80-годзьдзю Перамогі, дае падставы для аналізу і развагаў.
Актыўна піярыцца на тэме Перамогі Аляксандар Лукашэнка пачаў яшчэ з пачатку свайго прэзыдэнцтва. Здавалася б, за амаль 31 год свайго кіраваньня ён сказаў па гэтаму пытаньні ўсё, што хацеў. Пэўны час можна было заўважыць, што напал урачыстасьцяў спадае, тэма паступова адыходзіць. Як, напрыклад, сышло ў нішто сьвяткаваньне «Кастрычніцкай рэвалюцыі».
Фактычна зьнікла ўрачыстае шэсьце вэтэранаў на чале з Лукашэнкам да Плошчы Перамогі
Зьмяншэньне фокусу ўвагі да Дня Перамогі выявілася ў тым, што 9 траўня фактычна зьнікла ўрачыстае шэсьце вэтэранаў на чале з Лукашэнкам да Плошчы Перамогі — традыцыя, распачатая яшчэ Пятром Машэравым. Бо вэтэранаў амаль не засталося. Дый самому Лукашэнку цяпер нялёгка асіліць нават нядоўгі маршрут.
Першымі гадамі на ўрачыстых сходах, прысьвечаных Дню Перамогі, заўсёды выступаў сам Лукашэнка. Але пазьней статус мерапрыемства панізіўся, сьвяточную прамову даручалі прэм’ер-міністру ці нават міністру абароны. Лукашэнка выступаў толькі з нагоды юбілейных датаў.
Сытуацыя памянялася пасьля таго, як Расея рэзка зьмяніла сваю замежную палітыку, пайшла на жорсткую канфрантацыю з Захадам і Украінай. Ідэя Перамогі ў Другой сусьветнай вайне стала ідэалягічным падмуркам, маральна-палітычным апраўданьнем для такога агрэсіўнага курсу. Гэта было добра заўважна пасьля захопу Крыма і асабліва пасьля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны ў 2022 годзе. Афіцыйнаму Менску давялося падстройвацца пад расейскую палітыку.
Зь іншага боку, беларускі рэжым пачаў актыўна апэляваць да тэмы Перамогі пасьля падзей 2020 году («генацыд беларускага народу» і інш.). Лукашэнка аб’явіў сябе і свой рэжым нашчадкамі пераможцаў, а ўсіх сваіх праціўнікаў — нашчадкамі фашыстаў. Таму цяпер тэма Перамогі набыла большы размах, атрымала новае палітычнае гучаньне.
Лукашэнка кажа: «Мы, вы заўважылі, вельмі актуалізавалі гэтую тэму. Мы як ніколі раней гаворым сёньня аб гэтай Вялікай Перамозе».
Тут варта зьвярнуць увагу, што шмат разважаючы пра «фальсыфікацыю гісторыі вайны», «захаваньне гістарычнай праўды», сам Лукашэнка, скажам асьцярожна, вельмі вольна трактуе падзеі і факты.
Напрыклад, ён кажа: «Мы бясконца ганарымся самаадданымі людзьмі, якія прынялі ўдар ля сьцен Берасьцейскай цытадэлі, якія да сьмерці стаялі на подступах да Менску і Магілёва».
Гераічная абарона Менску — гэта новы міт, якога не было нават у савецкія часы. Сталіца БССР была здадзеная немцам фактычна без бою. Але беларускія ўлады прыдумалі гэтую гісторыю, стваралі мэмарыял «Лінія Сталіна», возяць туды дзяцей на экскурсіі, апавядаюць і нават паказваюць, як Чырвоная Армія ўшчэнт разграміла тут фашыстаў у чэрвені 1941 году.
Праз 80 гадоў разгледзелі больш, чым бачылі ў першыя гады пасьля вайны?
Узгадаў Лукашэнка і пра колькасьць ахвяр у Беларусі. У савецкія часы ва ўсіх падручніках адзначалася, што загінуў кожны чацьвёрты. Можна ўзгадаць словы зь вядомай песьні, якую выконвалі «Песьняры»: «Каждый четвертый из белорусов, каждый четвертый пал на войне». Ужо ў лукашэнкаўскія часы пачалі гаварыць пра кожнага трэцяга загінулага. Цяпер жа Лукашэнка кажа: «З улікам выяўленых новых пахаваньняў масава забітых людзей на тэрыторыі рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны мы гаворым аб кожным трэцім. Але, баюся, калі-небудзь скажам аб кожным другім». Праз 80 гадоў разгледзелі больш, чым бачылі ў першыя гады пасьля вайны?
Няпраўда, што палітычныя апанэнты рэжыму выступаюць нібыта за тое, каб не сьвяткаваць Дзень Перамогі, як даводзіць Лукашэнка. Проста гістарычныя ўрокі той вайны яны бачаць па-іншаму.
Лукашэнка прызнае і абураецца, што дзяржаўны апарат ладзіць мерапрыемствы ў гонар Перамогі фармальна, «робяць не ад душы, не ад сэрца». І незадаволены моладзьдзю, у якой іншая карціна сьвету:
«Гэта не тая моладзь, якімі былі вы — выхаванымі і якія вырасьлі ў працы. Наша моладзь розная. Ёсьць выдатныя людзі, якія разумеюць, як жыць. А ёсьць, як я кажу часта, якія лічаць, што ў тэлефонах, айфонах растуць бананы і бульба».
Наконт бульбы, лепш бы ён не кранаў гэтую тэму, бо ў беларусаў сёньня нядобрыя асацыяцыі ў зьвязку з ёй. Але ці моладзь вінаватая ў цяперашнім дэфіцыце згаданага прадукту?..
Лукашэнка зноў і зноў вяртаецца да пытаньня аб тым, навошта так агрэсіўна навязваецца тэма памяці пра вайну. Ягоны адказ даволі просты і адназначны: дзеля падрыхтоўкі да новай вайны. Праўда, па ягонай вэрсіі, гэтую вайну плянуюць разьвязаць заходнія ворагі.
І тут Лукашэнка падводзіць да самага галоўнага. Памяць пра гераізм народа падчас той вайны патрэбная, каб натхніць беларусаў ахвяраваць сабой у новай вайне, якую беларускі правіцель анансуе як непазьбежнасьць. А ворагам — дзеля таго, каб «разьвязаць супраць нас вайну, трэба першым чынам адабраць у нас памяць і галовы».
Лукашэнка прыводзіць прыклад, як расейцы кладуць свае галовы ва Ўкраіне, натхняючыся подзьвігамі герояў мінулай вайны:
«Вазьміце, — я ўважлівым чынам назіраю, пагружаны ў спэцыяльную ваенную апэрацыю Расеі супраць Украіны. Заточаныя расейскія ваяры ваяваць супраць нацызму свайго жыцьця не шкадуюць. Чаму, адкуль? Адтуль».
Прыклад вельмі няўдалы. Абсалютная большасьць расейскіх грамадзян, якія ўдзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны, робяць гэта за грошы. Кантрактнікам добра плацяць. Войска РФ — гэта цалкам наёмная армія.
А хто ж тыя ворагі, якія пасягаюць на сьвятыя рубяжы Беларусі? Лукашэнка дае адказ:
«Нам, славянам, як і астатнім „не арыйцам“, няма месца ў будучыні, аб якім мараць зьмяняючыя адзін аднаго заходнія эліты». І ў якасьці прыкладу варожых антыславянскіх памкненьняў прыводзіць Польшчу: «Але навошта выдаткоўваць мільярды даляраў нашай славянскай суседцы на зброю?»
Тут Лукашэнка канчаткова заблытаўся. Заходнія эліты хочуць зьнішчыць славянаў, а галоўнай краінай, якая імкнецца зьдзейсьніць гэтае падступнае злачынства, зьяўляецца «наша славянская суседка» Польшча! Ці тэкст пісалі непісьменныя спічрайтары, якія няздольныя зьвязаць адно з другім, тады іх трэба разагнаць. Ці сам прамоўца ў сваім красамоўным запале сам сябе абверг.
Пасьля падзей 2020 году стала зразумела, што беларускае грамадзтва не адзінае і не маналітнае, а глыбока расколатае
Увогуле, абараняць Радзіму — справа важная, неабходная, вартая самаахвярнасьці. Але ёсьць адна праблема. Лукашэнка невыпадкова ўзгадаў 2020 год:
«Наша грамадзтва ад малога да вялікага, як раней казалі, як ніколі сёньня — маналітнае і адзінае. Мы, перажыўшы 2020 год, крыху зразумелі, што можа быць».
Сапраўды, як раз перажыўшы 2020 год, стала зразумела, што беларускае грамадзтва ніяк не адзінае і не маналітнае, а наадварот, глыбока расколатае. Маем сытуацыю халоднай грамадзянскай вайны. У розных частак грамадзтва вельмі адрозныя ўяўленьні пра патрыятызм, геапалітычную арыентацыю, крыніцы небясьпекі і ворагаў, якія пагражаюць сувэрэнітэту краіны.
Згадкі Лукашэнкі пра 2020 год і «зьбеглых», якіх ён усяляк бэсьціць, дае падставу меркаваць, што тут ідзецца не столькі пра мабілізацыю беларусаў на абарону ад вонкавых ворагаў, колькі пра абарону рэжыму, улады ад унутраных палітычных праціўнікаў. І дзеля гэтага адбываецца апэляцыя да памяці пра гераізм падчас вайны, ахвярнасьць і інш.
Як казаў культавы расейскі музыкант Андрэй Макарэвіч, «калі ўладзе ад цябе нешта трэба, яна называе сябе „радзімай“». Гэта як раз наш выпадак.
Форум