Як мэдыкі ідэнтыфікуюць парэшткі з масавых пахаваньняў у Сырыі, апавядае BBC.
Доктар Анас аль-Хурані — кіраўнік наноў адкрытага Сырыйскага цэнтру ідэнтыфікацыі. Побач зь ім два сталы, пакрытыя сьцегнавымі косткамі.
«Яны са зьмешанай брацкай магілы»,-- кажа ён. На кожным лямінаваным белым абрусе зьмяшчаецца 32 косткі чалавечага сьцягна. Іх акуратна расклалі і пранумаравалі.
Сартаваньне — першая задача для гэтага новага зьвяна ў доўгім ланцужку пераходу ад злачыннасьці да правасудзьдзя ў Сырыі.
«Зьмешаная брацкая магіла» азначае, што трупы былі кінуты адзін паверх другога. Хутчэй за ўсё, гэтыя косткі належаць некаторым з сотняў тысяч, як лічыцца, забітых рэжымамі зрынутага прэзыдэнта Башара Асада і яго бацькі Хафэза, якія разам кіравалі Сырыяй больш за пяць дзесяцігодзьдзяў.
Калі гэта так, кажа доктар аль-Хурані, то яны былі сярод самых апошніх ахвяраў — памерлі ня больш за год таму.
Доктар аль-Хурані — судовы адантоляг: зубы могуць расказаць пра цела значна больш, кажа ён, прынамсі, калі ідзецца пра ідэнтыфікацыю асобы. Але і ад сьцегнавой косткі працаўнікі лябараторыі ў падвале гэтага шэрага офіснага будынку ў Дамаску могуць пачаць пошук: яны могуць даведацца рост, пол, узрост, якую працу выконваў чалавек; таксама можна ўбачыць, ці катавалі ахвяру.
Залаты стандарт у ідэнтыфікацыі — гэта, вядома, аналіз ДНК. Але, кажа аль-Хурані, у Сырыі ёсьць толькі адзін цэнтар тэставаньня ДНК. Шмат цэнтраў было зьнішчана ў грамадзянскую вайну. І «праз санкцыі многія хімічныя рэчывы-прэкурсоры, патрэбныя нам для тэстаў, цяпер недаступныя».
Сырыйскім дактарам таксама паведамілі, што «часткі прыладаў могуць быць скарыстаныя ў авіяцыі, а значыць, у ваенных мэтах». Іншымі словамі, яны могуць лічыцца таварамі «падвойнага выкарыстаньня», а значыць, забароненымі для экспарту ў Сырыю многімі заходнімі краінамі. Да таго ж цана: 250 даляраў за адзін тэст. І, кажа доктар аль-Хурані, «у зьмешанай брацкай магіле вы павінны зрабіць каля 20 тэстаў, каб сабраць усе часткі аднаго цела».
Новы ўрад ісламісцкіх паўстанцаў, якія сталі кіраўнікамі краіны, кажа, што адзін зь іхных прыярытэтаў — тое, што яны называюць «правасудзьдзем пераходнага пэрыяду».
Многія сырыйцы, якія страцілі сваякоў і згубілі ўсе іхныя сьляды, казалі ВВС, што яны застаюцца расчараванымі: яны хочуць бачыць больш намаганьняў тых людзей, якія ўрэшце адхілілі Башара Асада ад улады ў сьнежні летась, пасьля 13 гадоў вайны. За гэтыя доўгія гады канфлікту сотні тысяч былі забітыя, а мільёны — перамешчаныя. Паводле адной з ацэнак, больш за 130 тысяч чалавек гвалтоўна зьніклі бяз вестак.
І пры цяперашніх тэмпах расьсьледаваньня могуць спатрэбіцца месяцы, каб ідэнтыфікаваць толькі адну ахвяру ў зьмешаным масавым пахаваньні.
«Гэта, — кажа доктар аль-Хурані, — будзе справай многіх, многіх гадоў».
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.
Форум