Беларусь стала галоўным экспартэрам бульбы ў Расею. Такія зьвесткі агучваюць расейскія СМІ https://ria.ru/20250504/kartofel-2014858574.html. Аб’ём расейскага імпарту склаў 193,8 тысячы тон. Яшчэ ў лістападзе 2024 году «Рассельгаснагляд» палічыў, што з пачатку году пастаўкі бульбы зь Беларусі ў Расею выраслі на 60,8%.
Хатнія і фэрмэрскія гаспадаркі
У кастрычніку 2024 году, калі толькі сабралі ўраджай, урад Беларусі ўвёў дзяржаўнае рэгуляваньне і прызначыў максымальныя цэны на гародніну. Для бульбы выставілі 68 капеек за кіляграм. Расейцы ж прапанавалі беларускім фэрмэрам прадаць бульбу ўдвая даражэй. Такім чынам, значная частка беларускай бульбы яшчэ ўвосень «паехала» на ўсход. А ўвесну ў самой Беларусі пачаліся перабоі.
«Фэрмэры зарабляюць грошы. Бульба — камэрцыйны тавар, — расказвае ў размове з Свабодай эканаміст Яраслаў Раманчук. — Калі прыяжджаюць расейцы і прапануюць грошы гатоўкай, удвая большыя, чым дзяржава прымушае прадаць па рэгуляваных цэнах у Беларусі, то фэрмэр, вядома ж, прадасьць сваю бульбу ім.
Гэта нармальная рэакцыя людзей, якіх Лукашэнка прымушае працаваць у якасьці „прыгонных“. Вось фэрмэры і знайшлі такі „шчыліну“, каб крыху зарабіць. Лукашэнка не дае зарабляць, не дае магчымасьці сапраўднаму фэрмэрству разьвівацца, вось людзі і зрабілі такі гешэфт. А паколькі ў нас ільвіная доля бульбы — з хатніх і фэрмэрскіх гаспадарак, а не з калгасаў, таму і атрымалася, што ўсё прадалі, а сабе не засталося».
З словаў суразмоўцы, гэта і ёсьць прычына дэфіцыту бульбы. Тэарэтычна дзяржаўныя аграпрадпрыемствы маглі б вырошчваць яе больш, але ў іх паўсюль абмежаваньні, якія пералічвае эканаміст Раманчук.
«Ёсьць рэгуляваньне цэн, закупачныя абмежаваньні, транспартныя абмежаваньні, ліміт паліўна-змазачных матэрыялаў — як у Савецкім Саюзе, самастойнасьці няма. А дзяржава толькі патрабуе: „дай, дай, дай“», — кажа суразмоўца.
«Зьнікне што-небудзь нечакана — тады пачынаюць варушыцца»
На думку Раманчука, недахоп сваёй бульбы можна было б замясьціць эгіпецкай, мараканскай бульбай, але ёсьць праблемы з «імпартазамяшчэньнем»: розныя квоты, мыты. Таму і ўтварыўся дэфіцыт.
Акрамя бульбы, яшчэ ў красавіку ў крамах узьніклі перабоі з капустай, у пачатку траўня — з цыбуляй. На думку эканаміста, прычына ў няякасным дзяржаўным кіраваньні.
«Чыноўнікі ня могуць усяго прадугледзець. Зьнікне што-небудзь нечакана — тады яны пачынаюць варушыцца. Каардынацыі няма. І Лукашэнка мае падставы, каб кагосьці звольніць, нараду правесьці. Сьледам за бульбай зьнікла цыбуля, на чарзе, магчыма, буракі.
Гэта ж ня рынкавы мэханізм, калі прадпрымальнік адразу рэагуе на нейкую праблему і робіць захады, каб перадухіліць дэфіцыт. А чыноўнік, пакуль хтосьці зьверху ня скажа ці пакуль не прыляціць скарга, — ён ня будзе нічога рабіць», — перакананы Раманчук.
Эгіпецкі батат і «ялцінская» цыбуля
Паглядзелі, ці ёсьць у продажы бульба і цыбуля. У найбольшай у Беларусі сетцы крамаў «Еўраопт» у «Е-дастаўцы» 5 траўня можна было замовіць толькі эгіпецкі батат (са зьніжкай ажно 54%) — па цане 4,99 (замест 10,99) і паўфабрыкат «бульбяныя кубікі хутказамарожаныя») — па 3,99 за кг.
Цыбуля толькі чырвоная расейскай вытворчасьці па 4,21 рубля за кг і зялёнае пяро. У дастаўцы «Гіпа» — толькі паўфабрыкаты з бульбы, кшталту замарожанай бульбы фры. Звычайнай бульбы таксама няма.
Цыбуля ў «Гіпа» толькі чырвоная, расейская і беларуская — каштуе каля 4 рублёў за кг, а таксама «ялцінская» чырвоная па 20,69.
У дастаўцы сеткі «Green» знайшлося 2 віды бульбы мытай — па 4 рублі 29 капеек і па 4 рублі 49 капеек за кг. Краіна паходжаньня не пазначаная. Ёсьць у сетцы крамаў «Green» і звычайная цыбуля па 2,21 — вытворчасьці «КФХ Пакуша». Таксама чырвоная цыбуля па 4,90 (не пазначана, чыя), і дарагая «ялцінская» чырвоная і белая (ад 18 да 21 рубля за кг).
Тацяна, якая пагадзілася паразмаўляць з Свабодай на ўмовах ананімнасьці, расказвае пра свае нядаўнія спробы купіць гародніну. Вяртаючыся зь лецішча пасьля доўгіх выходных, яна заехала на невялікі прыдарожны рынак.
«Бульба добрая — па 4,50 і 5 рублёў, цыбуля — па 4,50 нармальная і па 4 рублі — дробная. Цэны зашкальваюць. Каб бульба і цыбуля ў Беларусі па паўтара даляра была — гэта жах! Я бачыла ў гіпэрмаркеце і па 9 рублёў адборную мытую бульбу. Купілі на рынку, каб на пару тыдняў запас быў і ня лётаць па менскіх крамах і не шукаць», — апавядае жанчына.
Суразмоўца Свабоды зь невялікага раённага цэнтру расказаў, што праблемы з гароднінай узьніклі нават у невялікіх вясковых крамах.
«Бульба то ёсьць, то няма. Калі ёсьць, то такая, што і купляць ня хочацца, я нават на цану не глядзеў. Учора цыбулі таксама не было. Людзі на вёсцы ўжо адвыклі самі садзіць нешта, каб заставалася на цэлы год. У гародзе на лета садзяць, а так, каб для сябе шмат на ўвесь год, то мала хто. Зараз, відаць, зноў будзем садзіць па дзесяць сотак. Бульбы няма, я такога не памятаю зусім», — гаворыць суразмоўца.
Народны незаменны прадукт
Зараз травень, самы спрыяльны час садзіць бульбу ды іншую гародніну. Ці не атрымаецца так, што беларусы, якія на лецішчах ужо амаль не саджаюць бульбу, а збольшага маюць пару градак для гуркоў і зеляніны і вырошчваюць кветкі, сёлета засадзяць палісаднік і гарод бульбай і ў наступным годзе яе ня будзе куды падзець? Ці магчыма, што нехта захоча падзарабіць на бульбе? Яраслаў Раманчук лічыць, што гэтага ня будзе.
«Сяляне і так маюць некалькі мяхоў бульбы для сябе. А каб на продаж — яны разумеюць, што калі прадаваць сваё, пачнецца бюракратыя: цэны абмяжуюць, сэртыфікаты нейкія давядзецца атрымліваць. Яны, можа, і вырошчвалі б больш, каб было вольна і свабодна. Прадаў і ўсё. А так не атрымаецца.
Што да гараджанаў зь лецішчамі… Ведаеце, раней бульба была і на сьняданак, і на абед, і на вячэру. А цяпер людзі інакш харчуюцца, так бы мовіць, адбылася дывэрсыфікацыя. Бульбу замяняюць іншыя прадукты: кашы, гародніна, зеляніна. Беларусы будуць харчавацца здаравейшай ежай. Так што статус бульбы як народнага незаменнага прадукту мяняецца. Але бульба — гэта нешта накшталт сымбалю беларусаў. Вось і абураецца народ, што няма бульбы», — перакананы спадар Раманчук.
Форум